Зоркі беларускай оперы. Да юбілеяў Ларысы Александроўскай і Яўгена Чамадурава

12 лютага на сцэне Вялікага тэатра оперы і балета будзе паказана опера «Аіда», прысвечаная 105-годдзю з дня нараджэння Народнага мастака Беларусі Яўгена Чамадурава. А 19 лютага паказам оперы «Кармэн» у тэатры адзначаць 115-годдзе з дня нараджэння народнай артысткі БССР і СССР Ларысы Александроўскай.

Аіда

Аіда

Імёны спявачкі і рэжысёра Ларысы Пампееўны Александроўскай і мастака Яўгена Рыгоравіча Чамадурава для Вялікага тэатра Беларусі без перабольшвання знакавыя. З дзейнасцю гэтых творцаў звязаны розныя па часе, але аднолькава важныя і яркія перыяды ў яго гісторыі. Ларыса Александроўская выходзіла на сцэну ў першых спектаклях толькі створанага тэатра, стала сімвалам беларускага вакальнага мастацтва, а ў 1950-я гады як галоўны рэжысёр Опернага ажыццявіла шэраг паспяховых пастановак. Яўген Чамадураў, у 1960–1970-я галоўны мастак Вялікага тэатра Беларусі, вызначаў візуальнае аблічча самых значных яго оперных і балетных спектакляў, нярэдка забяспечваў сваім афармленнем значную долю іх поспеху.
Сімвалічна, што хоць дзве велічыні беларускага музычнага тэатра і працавалі ў розныя часы (калі Чамадураў распачынаў працу ў Мінску, Александроўская заканчвала сваю кар’еру ў Вялікім), іх творчае судакрананне ўсё ж адбылося. Першай работай Яўгена Чамадурава ў Вялікім тэатры Беларусі стала «Пікавая дама» П.Чайкоўскага (1960) у рэжысуры Ларысы Пампееўны, якая да того ж выконвала ў гэтым спектаклі партыю Графіні. Сімвалічна і абранне тэатрам оперных спектакляў, якія будуць паказаны ў гонар Александроўскай і Чамадурава.

Блакітнавокая Кармэн

Унікальнасць спявачкі Ларысы Александроўскай вызначалася ў першую чаргу дзівосным голасам, ад прыроды пастаўленым, што адзначалі яе педагогі, са своеасаблівым тэмбрам, з шырокім дыяпазонам, які дазваляў выконваць рэпертуар, прызначаны і для сапрана, і для мецца-сапрана. За гады творчай кар’еры, якая распачалася ў паўпрафесійных калектывах, Ларыса Пампееўна спявала вядучыя партыі ў рускай і замежнай опернай класіцы (Таццяна ў «Яўгене Анегіне» П. Чайкоўскага, Любаша ў «Царскай нявесце» М. Рымскага-Корсакава, Маргарыта ў «Фаўсце» Ш. Гуно), беларускіх нацыянальных операх (Алеся ў «Алесі» і Марыся ў «Міхасе Падгорным» Я. Цікоцкага). Была яна і непераўзыдзенай выканальніцай беларускіх народных і аўтарскіх песень. Але кароннай партыяй Александроўскай стала Кармэн у аднайменнай оперы Ж. Бізэ.

У ролі Кармэн

У ролі Кармэн

У маі 1933 года операй «Кармэн» афіцыйна адкрыўся Вялікі тэатр Беларусі. У загалоўнай партыі выступала Ларыса Александроўская. Першапачаткова спявачка згадзілася ўзяцца за ролю толькі пры ўмове, што калі будзе складана працаваць альбо голас не загучыць (нагадаем, што партыя Кармэн прызначана для мецца-сапрана), яна спяваць не будзе. Але працэс работы і гераіня захапілі Александроўскую. Нягледзячы на спробу класавай інтэрпрэтацыі твора Бізэ, што было натуральным напачатку 1930-х, спявачка здолела стварыць свой непаўторны вобраз Кармэн, які скараў публіку не адно дзесяцігоддзе і стаў візітоўкай Ларысы Пампееўны.

«Асноўнай рысай у Кармэн для мяне заўсёды было: і сумленная, і чыстая. Гэта асноўная лінія засталася ў маёй трактоўцы вобраза і зараз. Кармэн кахае, а не пераходзіць ад аднаго да другога. Але, кахая ўсёй сваёй сутнасцю, яна і ў адказ патрабуе і чакае такога ж беззапаветнага кахання. У Хазэ яна яго не знаходзіць і пакутуе ад гэтага. Ці правільна я трактую гэты вобраз, не ведаю. Але я спяваю сваю Кармэн шчыра».
А. Ладыгина, Лариса Помпеевна Александровская: Документально-театральный роман. — Мінск, 2002.


Вера спявачкі ў сваю гераіню і натуральнасць яе сцэнічных паводзін захаплялі гледачоў і крытыкаў не менш, чым непаўторны голас Кармэн-Александроўскай.

«...праніклівы позірк разумных, поўных знойнай пяшчоты вачэй краналі нават самых раўнадушных слухачоў. Дзякуючы пранікнёнаму лірызму Александроўскай і натхнёнаму жыццю ў вакальным вобразе, яе Кармен была “ачышчана” ад накапіўшыхся на правінцыйнай сцэне штампаў — ад падкрэсленай цыганскай экзотыкі, грубасці і наўмыснай какетлівасці». М. Модэль, Ларыса Пампееўна Александроўская. – Мінск, 1945


«Яе гераіня сапраўды жыла “з сонцам у крыві”. Не забыць спапяляючага бляску вачэй, імклівых, пластычна завершаных рухаў, увогуле ўсяго надзвычай інтэнсіўнага, насычанага сцэнічнага існавання і, вядома ж, чароўнага гнуткага голасу». А. Сабалеўскі, Асоба мастака: літаратурна-крытычныя артыкулы. — Мінск, 1992.


19 лютага, каб уганараваць памяць Ларысы Александроўскай, на сцэну Вялікага тэатра ў оперы «Кармэн» выйдуць народныя артысты Беларусі Уладзімір Пятроў і Анастасія Масквіна, Аляксей Мікуцель, а партыю Кармэн выканае заслужаная артыстка Беларусі Аксана Якушэвіч.

Блакітнавокая Кармэн

Блакітнавокая Кармэн

Таксама ў дзень спектакля а 18-й гадзіне ў файе тэатра на другім паверсе адкрыецца выстава, прысвечаная Ларысе Александроўскай. У экспазіцыі будуць прадстаўлены прадметы з калекцыі Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры.

«Аіда» з берагоў Дуная

Калі Ларыса Александроўская была непарыўна звязана з Беларуссю з самых першых творчых крокаў, бо нарадзілася і пражыла тут усё жыццё, то Яўген Чамадураў з’явіўся ў Мінску, павандраваўшы па розных тэатрах і краінах. У Вялікі тэатр Беларусі ён прыйшоў прызнаным майстрам, за плячамі якога былі і шматлікія званні (заслужаны дзеяч мастацтваў Таджыкістана, Літвы, Расіі), і ўзнагароды. Але з уласцівай яму цікаўнасцю і імкненнем да дасканаласці мастак занурыўся ў вывучэнне беларускага мастацтва і культуры, што дазволіла яму стварыць запамінальныя вобразы беларускіх нацыянальных балетаў («Мара» і «Выбранніца» Я. Глебава) і опер («Калючая ружа» Ю. Семянякі, «Андрэй Касценя» М. Аладава).

Яўген Чамадураў

Яўген Чамадураў

Чамадураў прынёс на беларускую сцэну свой ужо сфарміраваны стыль, якому былі ўласцівы спалучэнне відовішчнасці, манументальнасці з абагульненымі вобразамі-метафарамі, жывапіснасці — з графічнасцю, выкарыстанне некалькіх базавых колераў і багацця іх адценняў пры распрацоўцы каларыстычнага рашэння спектакля.
Мастак стварыў візуальнае аблічча каля 30 пастановак Вялікага тэатра Беларусі, сярод якіх былі балеты «Раймонда» А. Глазунова, «Папялушка» С. Пракоф’ева, оперы «Арэстэя» С. Танеева, «Залаты пеўнік» М. Рымскага-Корсакава, але «Аіду» ў яго дэкарацыях Мінск пабачыў толькі ў 2011 годзе.
Сам Чамадураў ніколі не афармляў на беларускай сцэне гэтую оперу Вердзі, аднак у 2011 годзе галоўны мастак Вялікага Аляксандр Касцючэнка, якому пашчасціла пэўны час вучыцца ў Яўгена Рыгоравіча, вырашыў зрабіць прысвячэнне настаўніку і майстру. Разам з іншымі членамі пастановачнай групы «Аіды», над якой у той час працавалі ў тэатры, Касцючэнка прыклаў шмат намаганняў, каб сабраць эскізы Чамадурава для розных пастановак гэтай оперы і на іх аснове стварыць афармленне для мінскага спектакля.

Аіда

Аіда

Сцэнаграфічнае рашэнне беларускай «Аіды» ў сваёй аснове паўтарае канцэпцыю першай работы Яўгена Чамадурава ў Румынскім дзяржаўным тэатры оперы і балета (1955). Аднак на рахунку мастака была яшчэ «Аіда» ў Чалябінскім тэатры оперы і балета імя М. Глінкі, адгалоскі якой таксама можна ўбачыць на мінскай сцэне, у яго дэкарацыях оперу Вердзі бачылі і ў Казані.
Цікава, што работа над той самай, першай «Аідай» у Бухарэсце для Чамадурава стала ці не выпадковай. Першапачаткова планавалася, што мастак будзе афармляць «Барыса Гадунова», але калі ўжо былі гатовы і ўзгоднены эскізы, работу над пастаноўкай раптоўна прыпынілі, а Яўгену Рыгоравічу прапанавалі стварыць сцэнаграфію для оперы Вердзі. Нягледзячы на такую неспадзяванку, работа аказалася вельмі ўдалай. Пэўным наватарствам у ёй была інтэрпрэтацыя мастаком вобраза Аіды.

«Замест дзікункі, злёгку прыкрытай скурай леапарда, у маім спектаклі яна ператварылася ў прыгожую і гордую “чорную лілею”, апранутую ў беласнежнае строгае ўбранне». Е. Чемодуров, Мой двадцатый век: Из записок оперного художника. — Мінск, 2005.


Варта сказаць, што створаная па эскізах больш чым 50-гадовай даўніны сцэнаграфія «Аіды» і сёння ўражвае сваёй маштабнасцю, каларыстычнай гармоніяй, элегантнасцю касцюмаў.
На паказе 12 лютага ў партыі Аіды на сцэне Вялікага тэатра выступіць народная артыстка Беларусі Ніна Шарубіна, таксама ў оперы будуць заняты Эдуард Мартынюк (Адэскі тэатр оперы і балета, Украіна), заслужаная артыстка Беларусі Аксана Якушэвіч, народны артыст Беларусі Уладзімір Пятроў.
Фота прадастаўлены Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатрам оперы і балета