«Левы» скандал у Віцебску
Мясцовыя камуністы не падзялілі ўрачыстыя прамовы.

Раніцай 7 лістапада ў Віцебску адбыўся традыцыйны мітынг у гонар Кастрычніцкай рэвалюцыі. Камуністы, левыя і спачуваючыя ім прыйшлі з чырвоным сцягам, кветкамі і вянкамі на плошчу Леніна.

Першы сакратар Віцебскай абласной арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі Аляксандр Дзядзінкін. Фота Святланы Васільевай
Спачатку ўсё выглядала ў «лепшых традыцыях» апошніх гадоў. Першымі, да 10 гадзін, прыйшлі маладыя людзі, неабыякавыя да рэвалюцыйных падзеяў векавой даўнасці. Праз гадзіну сабраліся члены КПБ на чале з першым сакратаром абкама гэтай партыі Аляксандрам Дзядзінкіным, які з’яўляецца, дарэчы, па сумяшчальніцтве дэпутатам аблсавету і дырэктарам ўніверсітэта «МІТСО».

У сярэдзіне здымка - прадстаўнік партыі левых «Справядлівы свет» Мікалай Селівашка. Фота Святланы Васільевай
Да беларускіх камуністам далучыліся і актывісты Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» з лідарам віцебскай структуры Мікалаем Селівашка.
На святочным мітынгу, які доўжыўся каля 20 хвілін, выступіў Аляксандр Дзядзінкін, які павіншаваў са святам і нагадаў усім прысутным, што "Справа Леніна жыве!"
З прывітальным словам звярнуліся і прадстаўнікі раённых арганізацый КПБ.
Аднак сцэнар мерапрыемства быў «сапсаваны» прадстаўніком «Справядлівага свету». Прамова Мікалая Селівашка, якую ён меркаваў доўга чытаць па паперцы, не задаволіла беларускіх камуністаў. На думку таварышаў, «партыец-канкурэнт» даносіць да грамадства няправільныя камуністычныя догмы. У адказ на гэта Селівашка назваў Камуністычную партыю Беларусі «прыдворнай партыяй».
Слоўная сварка, якая раптоўна пачалася паміж камуністамі і прадстаўніком левай партыі, скончылася абвінавачваннямі ў палітыканстве і спробе ўзурпаваць памяць аб савецкім мінулым.

Слоўная барацьба «чырвоных супраць чырвоных». Фота Святланы Васільевай
Паводле Віцебскага кур'ера