Абласны суд пакінуў у сіле адміністрацыйны штраф Рыгору Кастусёву

Магілеўскі абласны суд пакінуў у сіле рашэнне суда Шклоўскага раёна ад 10 лютага аб спагнанні са старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва штрафу у памеры 30 базавых велічыняў (840 рублёў).

Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў

Палітык быў пакараны за удзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту супраць «паглыбленай інтэграцыі» і пагрозаў для незалежнасці Беларусі, што адыблася 20 снежня мінулага году ў Мінску. 10 лютага 2020 года суддзя суда Шклоўскага раёна Святлана Баранцава вынесла рашэнне аб пакаранні Рыгора Кастусёва штрафам у памеры 30 базавых велічынь за парушэнне Закона аб масавых мерапрыемствах (артыкул 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях), якое выявілася ва ўдзеле ў гэтай масавай акцыі.
Кіраўнік БНФ не адмаўляе, што ён сапраўды ўдзельнічаў у пратэстнай акцыі на плошчы Незалежнасці ў Мінску 20 снежня. Пры гэтым ён лічыць, што нічога супрацьзаконнага не рабіў, а наадварот: «Абарона незалежнасці краіны, – святая справа для кожнага грамадзяніна Беларусі», – заявіў Рыгор Кастусёў падчас раглядускаргі ў абласным судзе.
Рыгор Кастусёў адзначыў, што Канстытуцыя Беларусі і шматлікія міжнародныя дамовы, якія падпісала і ратыфікавала Беларусь, дазваляе яму, як і любому грамадзяніну краіны, ўдзельнічаць любым спосабам у абсалютна любых мірных масавых мерапрыемствах, як санкцыянаваных, так і несанкцыянаваных, калі непарушаюць забароны, устаноўленыя арт.23 Канстытуцыі і арт.21 і п.3 арт.19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Пры разглядзе скаргі 9 красавіка суддзя абласнога суда Мікалай Гладкі заслухаў выступ Рыгора Кастусёва, але вынес рашэнне пакінуць пастанову суда першай інстанцыі без зменаў.
Па словах старшыні Партыі БНФ, ён абавязкова будзе абскарджваць рашэнне суда далей ў Вярхоўным судзе ў парадку нагляду, а пры неабходнасці – і ў Камітэце ААН па правах чалавека на падставе парушэння ўрадам Беларусі сваіх абавязкаў у галіне свабоды сходаў.
Паводле прэс-рэліза