Адзінства апазіцыі: новыя шансы ці старыя граблі

Беларуская апазіцыя ўсведамляе — без адзінства нікуды. Але ад гэтага ўсведамлення ў палітычнай прасторы мала што змяняецца. Ці атрымаецца дасягнуць адзінства 2016 годзе? Сумневаў пакуль што больш, чым спадзяванняў.



fota_belsat_eu.jpg

Фота belsat.eu

Зноў Кангрэс

Напрыканцы ўжо мінулага года прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, сярод якіх былі Ніл Гілевіч, Радзім Гарэцкі, Анатоль Вярцінскі, Зінаіда Бандарэнка, Аляксей Марачкін, Лявон Баршчэўскі, Віктар Казько, Уладзімір Арлоў і іншыя, выступілі з прапановай правесці Кангрэс дэмакратычных сілаў.

Па іх меркаванні, Кангрэс павінен выпрацаваць сумесную пазіцыю датычна маючых адбыцца ў 2016 годзе парламенцкіх выбараў і да тых палітычных працэсаў, якія вызначылі ў апошні час у адносінах паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. А таксама дапаможа апазіцыі выпрацаваць «сумесны план дзеянняў, замацаваны абавязковымі для ўсіх рашэннямі Кангрэса», што, на думку падпісантаў, «можа выправіць сітуацыю: вывесці апазіцыю з крызісу, вярнуць ёй палітычную вагу, давер унутры краіны і за яе межамі». «Гэта цяжка, але яшчэ магчыма зрабіць, калі паставіць інтарэсы Беларусі вышэй інтарэсаў партый, рухаў, асабістых інтарэсаў», — адзначаюць аўтары звароту.

Кангрэс павінен прайсці «з шырокім удзелам грамадзянскай супольнасці». «Гэта неабходна зрабіць не толькі дзеля кансалідацыі апазіцыі — дзеля нацыянальнай згоды. Бо пры той ня­згодзе, якая ёсць зараз у нашым беларускім доме, мы не толькі не дойдзем да Беларусі, пра якую марым, а можам страціць нават тую, што маем», — падкрэслілі прадстаўнікі інтэлігенцыі.

Хто больш роўны?

Ідэя правядзення кангрэсу добрая. Сапраўды, апазіцыі зараз не хапае сумеснай пазіцыі, хаця б у размовах з заходнімі партнёрамі і Еўрасаюзам. Сумняваюся, канешне, што сход дэмсілаў здолеў бы выпрацаваць нейкі «сумесны план дзеянняў, замацаваны абавязковымі для ўсіх рашэннямі Кангрэса». Проста таму, што, каб нешта зрабіць, трэба мець магчымасці гэта зрабіць. А якраз магчымасцяў у апазіцыі — кату па пяту. Так што «прарыву ў дзеяннях» чакаць не выпадае. Але хаця б сумесная пазіцыя ў дачыненні да выбараў, уладаў, магчымых шляхоў выхаду з крызісу і агульнае разуменне рэформаў — гэта было б ужо няблага.

Аднак ініцыятары Кангрэсу сказаўшы «а», не сказалі «б», і звыкла аддалі ідэю правядзення форума палітыкам.

Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Станіслаў Шушкевіч абвясцілі аб стварэнні аргкамітэта па падрыхтоўцы Кангрэса. У той жа дзень Статкевіч паведаміў, што ў аргкамітэт пагадзіліся ўвайсці Зміцер Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саннікаў і Генадзь Фядыніч. І адразу ж Статкевіч паведаміў інфармацыйнаму агенцтву БелаПАН, што не будзе звяртацца з прапановай далучэння да Кангрэса да лідараў кампаніі «Гавары праўду» і Беларускай партыі левых «Справядлівы свет».

То бок, ідэя інтэлігенцыі пра «шырокі ўдзел грамадзянскай супольнасці» была звужаная да пэўных колаў палітычнай апазіцыі. Інтэлігенцыя меркавала, што «ўсе роўныя», але, як высветлілася, некаторыя аказаліся ўсё ж «больш роўныя» за астатніх.

Зразумела, у адказ кіраўніцтва «Гавары праўду» і «Справядлівага свету» зазначыла: удзельнічаць у Кангрэсе ім не вельмі і хацелася. «Наша пазіцыя вельмі простая: наперадзе парламенцкая кампанія, у грамадства ёсць запыт на перамены, трэба працаваць з ім, а не займацца ўнутрыапазіцыйнымі перамовамі», — сказаў БелаПАН каардынанар ГП Андрэй Дзмітрыеў.

Кіраўнік аб’яднаных левых Сяргей Калякін увогуле не зразумеў, навошта патрэбны Кангрэс. Па ягоных словах, на ім можна альбо выбраць лідара напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі, альбо зацвердзіць праграму, якую падтрымлівае большасць у апазіцыі, напярэдадні парламенцкіх выбараў. «Цяпер у апазіцыі няма дамінуючай ідэі і стратэгіі, якія авалодалі б розумамі большасці, ідзе іх пошук. Правесці кангрэс, каб канстатаваць адсутнасць яднаючых ідэй і планаў, значыць паказаць недзеяздольнасць апазіцыі», — лічыць Калякін.

І дадаў, што ў правядзенні такога форума ёсць сэнс, калі ў ім прымаюць удзел усе апазіцыйныя сілы. «Выразанне нейкага элемента па палітычных меркаваннях прывядзе да дэвальвацыі гэтага мерапрыемства», — адзначыў Калякін.

Вынік пад сумневам

Было б добра, калі б прадстаўнікі дэмакратычных сілаў на парламенцкія выбары пайшлі б «адной калонай». У ідэале можна было б вызначыць на Кангрэсе 110 кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў, ці «спікераў», ці іншых асобаў, якія б прадставілі народу апазіцыю. Нават калі б іх было не 110, а 330, але пры гэтым яны б ішлі пад агульнымі лозунгамі і падтрымлівалі адзін аднаго, ствараючы моцную канкурэнцыю праўладнаму кандыдату — таксама было б някепска. Але і гэтую праблему Кангрэс наўрад ці вырашыць.

Проста таму, што парламенцкая кампанія ўжо, можна лічыць, пачалася. І чым далей (а Кангрэс, па задуме аргкамітэта, павінен прайсці ўвесну, да 25 сакавіка), тым мацней будзе «кропка незвароту» ў гэтай кампаніі.

Тая ж Таццяна Караткевіч з іншымі сябрамі «Гавары праўду» гойсае зараз па рэгіёнах, збіраючы свой спіс кандыдатаў у дэпутаты на парламенцкую кампанію. Далей за яе пайшлі сацыял-дэмакраты з БСДП (Грамада): яны ўжо абвясцілі не толькі пра 20 сябраў партыі, якія маюць намер прыняць удзел у якасці кандыдатаў на выбарах, але нават назвалі персаналіі: Алег Трусаў, Алег Волчак, Мечыслаў Грыб.

Партыя БНФ дзеля стратэгіі і свайго спіса на гэтых выбарах «замарозіла» ўдзел у правацэнтрысцкай кааліцыі.

Ці згодныя будуць гэтыя лю­дзі паламаць усе свае ўжо зараз напрацаваныя планы дзеля яшчэ не зразумелых рашэнняў Кангрэсу, якія, па задуме ініцыятараў, будуць «абавязковымі для ўсіх»? Наўрад ці.

І тым не менш

Ідэя кансалідацыі апазіцыі на Кангрэсе, канешне, добрая. Калі ён прадэманструе ўзаемаразуменне апазіцыі па асноўных пытаннях, напрыклад, у дачыненні да незалежнасці Беларусі альбо да змены Выбарчага кодэкса — гэта ўжо будзе добра. Прынамсі, будзе лягчэй размаўляць з заходнікамі, якія зараз увогуле не ведаюць, чаго ж тая апазіцыя хоча.

Але, найперш, для кансалідацыі трэба выканаць адну ўмову: запрашаць туды ўсіх. А не абіраць, хто найсвядомейшы са свядомых і найраўнейшы з роўных. Пакуль што, пасля прэзідэнцкіх выбараў, мы ўсе ў адной лужыне…