Аляксей Янукевіч: Лукашэнка пазбаўляецца статусу апошняга дыктатара Еўропы

На фоне расійскай агрэсіі ва Украіне Аляксандр Лукашэнка пазбаўляецца статусу апошняга дыктатара Еўропы, заявіў лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, выступаючы 30 жніўня на пасяджэнні сойма арганізацыі. 



eshton_lukashenko.jpg

«На фоне жахлівага вобразу Пуціна Лукашэнка ўжо не становіцца такім непрывабным, як раней», — сказаў ён. 
Янукевіч адзначыў, што для Беларусі перамовы, якія адбыліся ў Мінску ў фармаце Мытны саюз — Украіна — Еўрасаюз, мелі сур'ёзныя вынікі для Беларусі. 
«Пазіцыя Еўрасаюза адносна рэжыму Лукашэнкі захоўваецца. Але відавочна, што Лукашэнка іміджава ад перамоў моцна выйграў. За 20 гадоў ён стаў адной з праблем Еўропы. Сёння ж сталі гаварыць аб тым, што ён можа быць часткай вырашэння еўрапейскай праблемы, пагроза ад якой большая, чым пагроза ад яго самога», — сказаў ён. 
Янукевіч лічыць, што зніжэнне ізаляцыі Лукашэнкі ад Еўропы мае і станоўчыя моманты. Паводле яго слоў, поўная ізаляцыя беларускага рэжыму ад інтэграцыйных еўрапейскіх працэсаў азначала б спіханне яго ў яшчэ большую залежнасць ад Крамля. 
«Канешне, нельга лічыць Лукашэнку гарантам незалежнасці Беларусі. Але тое, што Беларусь разглядацца ў якасці аднаго з элементаў еўрапейскай палітыкі, у стратэгічным плане мае пазітыўныя рэчы. Гэта дазваляе захаваць шансы, што ў найбліжэйшай перспектыве Беларусь не будзе поўнасцю захоплена ў зону ўплыву Крамля», — лічыць Янукевіч.
БелаПАН