Анатоль Лябедзька выйшаў на волю пасля 15 сутак
Палітык Анатоль Лябедзька выйшаў на волю, адбыўшы 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Ён распавёў TUT.BY, як яго затрымлівалі і якія ўмовы сёння ў ІЧУ і СІЗА для тых, хто атрымаў «суткі» па арт. 23.34 КаАП.
Нагадаем, 8 кастрычніка Анатоль Лябедзька перастаў выходзіць на сувязь. Пазней у ГУУС Мінгарвыканкама заявілі, што палітык затрыманы міліцыяй за адміністрацыйнае правапарушэнне. Лябедзьку судзілі і далі яму 15 сутак.
Як распавёў палітык пасля вызвалення, пратакол па арт. 23.34 КаАП на яго быў складзены за ўдзел у адным з нядзельных маршаў.
— Адчуваю сябе выдатна. Я хадзіў на ўсе маршы, здымаў, але мне выбралі нейкі дзіўны мітынг, з якога не было ні аднаго відэа і, шчыра кажучы, у мяне склалася ўражанне, што стратэгія там іншая: як быццам далі «суткі» па адным маршу, а потым будуць дадаваць па 15 сутак за кожны наступны. Я сваё затрыманне звязваю напрамую з рашэннем Ціханоўскай прызначыць мяне сваім прадстаўніком у Грамадскай канстытуцыйнай камісіі. Хлопцы, якія мяне выкрадалі, так мне і намякнулі: спачатку будзе адміністрацыйная справа, а потым крымінальная. Таму я, калі шчыра, не чакаў, што сёння выйду, — распавёў Анатоль Лябедзька.
Палітык распавёў і абставіны свайго затрымання: на вуліцы да яго пад'ехаў, як кажа Лябедзька, «традыцыйны бусік» і пяць чалавек у масках заштурхалі яго ў аўтамабіль.
— Падведамную прыналежнасць людзей, якія мяне затрымлівалі, вызначыць складана: гэта былі пяць чалавек у балаклавах. Я выйшаў на прыпынак, звярнуў увагу на тое, што там стаіць аўтамабіль ДАІ. Ён мне здаўся дзіўным, я дастаў свой айпад, каб зняць, і калі я гэта рабіў, заўважыў на святлафоры два бусікі тыповыя. Яны стаялі паралельна, і ў мяне мільганула думка, што тут нешта нядобрае. І літаральна за імгненне адзін з іх падскочыў, я не паспеў нават тузануцца, адчыніліся дзверы, і пяць чалавек вельмі хутка мяне ўнутр закінулі. Гвалту не ўжывалі, але ў іх была ўключаная камера, і мне сказалі: каб пазбегнуць гвалту, трэба выключыць усе мае гаджэты. Дзе мае гаджэты, не ведаю, за мной яны не рушылі ўслед, — распавёў палітык.
Анатоля Лябедзьку павезлі спачатку ў РУУС Цэнтральнага раёна, затым у ІЧУ і ЦІП на Акрэсціна, а затым Лябедзьку і яшчэ каля 36 чалавек аўтазакамі вывезлі ў СІЗА ў Баранавічы.
— Вось як раз, калі мяне забіралі, у чацвер, 8 кастрычніка, па ўсіх СІЗА і ІЧУ пайшло ўказанне зрабіць больш жорсткім рэжым знаходжання. Гэта было і ў Жодзіна (я перасякаўся з чалавекам адтуль), і ў Баранавічах: людзі не могуць днём ляжаць, у іх няма матрацаў — гэта ўсё пад забаронай. Многае, вядома, залежыць ад змены, але ў Баранавічах цяпер так: пад'ём у 6 раніцы і ўсе павінны пасцельную бялізну закінуць на верхнія нары, а ніжнія — гэта проста жалезныя пруты. І ў Баранавічах ёсць новы комплекс, але для палітвязняў, асуджаных па 23.34, спецыяльна адвялі частку старых пабудоў, і там цяпер знаходзяцца зняволеныя. Учора як раз завезлі пяць аўтазакаў (Сярод тых, каго прывезлі ў Баранавічы ўчора, — журналісты TUT.BY Усевалад Зарубін і Вадзім Заміроўскі, — Заўв.TUT.BY), — распавёў Лябедзька.