Апазіцыя сварыцца — Лукашэнка пацірае рукі
Дагэтуль няма падрабязнасцяў наконт правядзення акцыі 25 сакавіка. Планы, агучаныя адным з лідараў апазіцыі Міколам Статкевічам, выклікалі нязгоду аргкамітэта па правядзенні Дня Волі ў Мінску.
Лукашэнка выкарыстоўвае падобную нязгоду для таго, каб пазней тлумачыць Захаду рэпрэсіі адносна ўдзельнікаў акцый, маўляў, калі няма згоды між арганізатарамі, дык можа адбыцца што заўгодна і міліцыя «прэвентыўна» ўжывае сілу, — кажа беларускі філосаф і палітолаг Уладзімір Мацкевіч.
— Гэты раздрай паміж арганізатарамі шэсця на 25-е працуе цалкам на Лукашэнку. Калі б гэтага не было, Лукашэнка быў бы вымушаны такое прыдумаць: укараніць у каманду арганізатараў сваіх людзей, якія б там пасварылі усіх паміж сабой. Я не ведаю, ці ёсць там такія агенты рэжыму, але ж напэўна яны і непатрэбныя, бо нашы лідары паміж сабой дамовіцца і так не могуць. Гэта дае падставы для прэвентыўных дзеянняў улады.
Аргакамітэт па правядзенні Дня Волі ў Мінску чакае дазволу гарадскіх уладаў на правядзенне акцыі.
Меркавалася, што яго павінны былі агучаць сёння падчас сустрэчы, якая павінна была адбыцца а 17.00. Аднак улады адмянілі сустрэчу і паабяцалі “давесці рашэнне ва ўстаноўленым законам парадку»
Мікола Статкевіч прапануе нягледзячы на маршрут, акрэслены ў рашэнні гарвыканкама, прайсці калоннай ад Акадэміі Навук да Плошчы Незалежнасці, дзе будзе «прыняты фармат далейшых пратэстаў».
Паводле Беларускае Радыё Рацыя