Бацькам Жызнеўскага мытнікі ўчынілі паглыблены дагляд
Бацькам героя Нябеснай Сотні Міхася Жызнеўскага, Ніне Васільеўне і Міхаілу Пятровічу Жызнеўскім, беларускія мытнікі на пункце пропуску «Новая Гута» ўчынілі паглыблены асабісты дагляд.
«Дзве гадзіны трымалі ў боксе паглыбленага дагляду, ледзьве даехала дадому. Зараз прашу дачку, каб зрабіла ўколы, бо сэрца з грудзей выскоквае, — кажа Ніна Жызнеўская.
Бацькі героя Нябеснай Сотні ездзілі ў Кіеў, каб паглядзець народны мемарыял сыну на вуліцы Грушэўскага, у які ў чарговы раз урэзалася машына.
На зваротным баку ўкраінскія памежнікі нават не прапаноўвалі Жызнеўскім выйсці з аўтамабіля — самі ўзялі і адзначылі пашпарты і паставілі штамп на перасячэнне мяжы.
«На беларускай мяжы, — апавядае Ніна Жызнеўская, — муж мой разам з Віктарам Рубцовым і Кастусём Жукоўскім, які вазіў нас у Кіеў, панеслі пашпарты на рэгістрацыю. А я засталася ў аўтамабілі. Мы нічога не везлі такога. Нас праверылі, а потым загадалі заехаць у спецыяльны бокс. Усе мы апынуліся за зачыненымі дзвярыма. Тут давай дэталёва аглядаць і машыну, і ўсіх нас. Я кажу: „Людцы, мне кепска, даце хоць пігулку выпіць“. Думаю, гэта робіцца дзеля таго, каб мы ня ездзілі ў Кіеў, не ставілі свечкі, не маліліся за сына».
Ніна Васільеўна кажа, што правяралі ўсіх. Нават яе сумачку з лекамі перагледзелі.
Праз дзве гадзіны Жызнеўскіх адпусцілі. Кастусь Жукоўскі і Валер Рубцоў запатрабавалі скласьці пратаколы, што нічога забароненага праз мяжу не перавозілася.
«Дабраліся да Гомеля ў расстроеных пачуццях. Сэрца баліць, ціск падняўся. Трэба мець здароўе, каб пераехаць беларускую мяжу», — лічыць Ніна Жызнеўская.
Паводле «Радыё Свабода»