Бандарэнка: "Тое, што мне ўчынілі ў Бабруйску, цалкам падпадае пад паняцце "катаванні"
Былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі "Платформа Інавэйшн" Андрэй Бандарэнка сцвярджае, што яго наўмысна адправілі адбываць пакаранне ў калонію, начальства якой па яго ініцыятыве было ўключана ў "спіс неўязных".

У 2012 годзе праваабарончая арганізацыя, якая займаецца пытаннямі захавання правоў чалавека ў турмах і калоніях "Платформа" прапанавала пашырыць спіс неўязных у ЕС з улікам тых,
хто меў дачыненні да катавання палітзняволеных. "Платформа" прапанавала ўключыць у спіс неўязных у краіны ЕС кіраўнікоў следчых ізалятараў і папраўчых устаноў, якія, як лічаць
праваабаронцы, дапускалі катаванні ў адносінах да зняволеных.
У 2013 годзе ў абноўлены Еўрасаюзам спіс грамадзян Беларусі, у дачыненні да якіх ужываюцца візавыя і эканамічныя санкцыі, былі ўнесены два новыя прозвішчы — начальніка Бабруйскай
папраўчай калоніі № 2 Аляксандра Какуніна і яго намесніка Юрыя Трутко. Нагодай для такога рашэння стала бесчалавечнае і жорсткае абыходжанне з палітвязнямі Дзмітрыем Бандарэнкам, Андрэем Саннікавым і
Алесем Бяляцкім.
У красавіку 2014 быў затрыманы і асуджаны да 3 гадоў пазбаўлення волі сам дырэктар праваабарончай арганізацыі "Платформа інавэйшн" (былая "Платформа") Андрэй
Бандарэнка. Рашэннем Дэпартамента выкарання пакаранняў ён быў накіраваны ў тую самую Бабруйскую калонію, кіраўніцтва якой ён вінаваціў у катаваннях зняволеных і якім быў забаронены ўезд у ЕС.
Паводле калег Бандарэнкі, рашэнне ЕС прыпыніць дзеянне "чорнага спісу" можа несці пагрозу палітвязню. Вось што Андрэй Бандарэнка піша ў свой апошнім лісце каардынатару
ініцыятыўнай групы "За Волю" Ганне Шапуцька:
"... Яшчэ больш дзіўным застаецца пытанне, як я наогул апынуўся ў ВК-2? Думаю, пытанне хутчэй рытарычнае. Размеркаваннем займаецца ДВП, які не мог не ведаць пра маю крытыку ў
адрас кіраўніцтва ВК-2. Тым не менш, накіравалі менавіта туды. Зараз, калі з Трутко Ю.І (былы нам. па РОР, а цяпер начальнік калоніі) і Какуніна А.А. (былы начальнік калоніі, а цяпер кіраўнік ДВП па
Гарадзенскай вобл.) здымуць абмежаванні на ўезд у краіны Еўрасаюза, складзецца даволі непрыгожая сітуацыя, што асобы, вінаватыя ў катаваннях, жорсткім, нялюдскім стаўленні, атрымалі своеасаблівую
"рэабілітацыю", у той час, як іх ахвяра працягвае выпрабоўваць на сабе наступствы іх дзейнасці.
Тое, што зрабілі з мяне ў Бабруйску, цалкам падпадае пад "катаванні", жорсткае, бесчалавечнае абыходжанне. Скажу нават больш — пад адкрытае парушэнне нормаў КПК,
якія патрабуюць ад нас. З аднаго боку нам распавядаюць, што адной з задач крымінальна-выканаўчай сістэмы з'яўляецца адмова вязня ад падтрымання зладзейскіх традыцый, а з другога —
асабісты ўдзел супрацоўнікаў адміністрацыі ў навязванні гэтых традыцый.Тое, што адбылося ў Бабруйску, найлепшым чынам дэманструе тое, якім чынам арганізуецца сам працэс, які па іроніі лёсу называецца
"выпраўленне".
Паводле інфармацыі праваабарончай групы "За Волю"