Беларусь — на першым месцы ў індексу рабства сярод еўрапейскіх краін
Да сучасных формаў рабства складальнікі рэйтынгу адносяць прымусовую працу, прымусовыя бракі і гандаль людзьмі.

Праваабарончая арганізацыя Walk Free Foundation склала індэкс, згодна з якім Беларусь заняла 20-е месца ў свеце, і першае - сярод еўрапейскіх краін па распаўсюджанасці рабства, паведамляе naviny.by.
"У Еўропе і Цэнтральнай Азіі Туркменістан, Беларусь і Македонія - краіны з самым высокім узроўнем распаўсюду сучаснага рабства" — кажуць даследчыкі. Элементы прымусовай працы праваабаронцы ўгледзелі ў суботніках, і тым, што працоўным дзяржаўных арганізацыі патрабуецца працаваць у выходныя і ахвяраваць прыбыткі на фінансаванне урадавых праектаў.
Акрамя таго, праваабаронцы спасылаюцца на матэрыялы Міжнароднай арганізацыі працы, якая раней неаднаразова заяўляла аб наяўнасці прымусовай працы ў Беларусі. Па дадзеным Walk Free Foundation, у 2016 і 2017 гадах у 20 краінах зафіксаваныя выпадкі, калі ўлады пад пагрозай пакарання вымушалі насельніцтва працаваць. Беларусь стала адзінай еўрапейскай краінай, якую праваабаронцы ўключылі ў гэты спіс.