У МЗС Свабодзе пакуль не пацвердзілі і не абверглі гэтыя звесткі.
Foreign Policy расцэньвае гэта як «вялікі крок» і «пачатак адлігі» і звязвае крок з канфліктам Аляксандра Лукашэнкі з Расеяй. З 2008 году амбасада ЗША ў Беларусі працуе ў скарочаным складзе і без афіцыйнага амбасадара.
У канцы жніўня 2018 году пачала працу новая кіраўніца амерыканскай амбасады ў Міенску — Джэніфэр Мур не амбасадарка, а павераная, пасады амбасадара ЗША ў Беларусі 10 гадоў няма. Мур сказала Свабодзе:
«Калі я буду рабіць сваю працу добра, у Беларусь вернецца амбасадар ЗША».
У сакавіку 2008 году пад ціскам уладаў Беларусі дыпламатычны штат амбасады ЗША ў Менску быў скарочаны — з 35 да 5 чалавек. Так афіцыйны Менск адрэагаваў на эканамічныя санкцыі Вашынгтону, уведзеныя за парушэнне правоў чалавека ў Беларусі. Крыху пазней кіраўніцтва дыпламатычных прадстаўніцтваў абедзьвюх дзяржаваў таксама на патрабаванне афіцыйнага Мінска было зніжанае з узроўню амбасадара да ўзроўню часовага паверанага. Апошнім амбасадарам ЗША ў Мінску была Карэн Ст’юарт, апошнім амбасадарам Беларусі ў ЗША — Міхаіл Хвастоў.
У чэрвені 2016 году МЗС Беларусі не запярэчыў пашырэнню штату амерыканскай амбасады да сямі чалавек.
4 траўня 2018 году папярэдні павераны ЗША ў Беларусі Робэрт Райлі выказаў спадзеў, што амерыканская амбасада ў Беларусі зноў будзе мець поўны штат, як да 2008 году, але адзначыў, што «працэс яе аднаўлення вымагае часу, бо ёсць амерыканскія патрабаванні і працэдуры». Акрамя таго, дадаў ён, «у выпадку з Беларуссю ёсць некаторыя працэдуры, якія павінны быць узгодненыя з беларускім бокам, і гэта таксама залежыць ад пазыцыі беларускага боку».
«Мы працуем над тым, каб амбасадары некалі вярнуліся (беларускі — у ЗША, амерыканскі — у Беларусь. — РС), але я не магу сказаць дакладна, калі гэта можа адбыцца», — сказаў павераны ў справах ЗША ў Беларусі.