Беларускі Гарбачоў

Калі мне памяць не здраджвае, то антонімы — гэта словы, процілеглыя па сэнсе. Напрыклад, аўтарытарны — дэмакратычны, моцны — слабы, Лукашэнка — Гарбачоў. Апошняя пара ў спісе прыкладаў, здавалася б, выглядае надзвычай арганічна.

Для таго, каб у гэтым пераканацца, дастаткова працытаваць фрагмент першага абзаца афіцыйнай біяграфіі кіраўніка беларускай дзяржавы: “Ён раней не належаў да партыйнай або савецкай наменклатуры і не быў на пасадах у вышэйшай іерархіі ўлады.



53c3bce66e43be4f209556518c2fcb54.jpg

Калі мне памяць не здраджвае, то антонімы — гэта словы, процілеглыя па сэнсе. Напрыклад, аўтарытарны — дэмакратычны, моцны — слабы, Лукашэнка — Гарбачоў. Апошняя пара ў спісе прыкладаў, здавалася б, выглядае надзвычай арганічна.
Для таго, каб у гэтым пераканацца, дастаткова працытаваць фрагмент першага абзаца афіцыйнай біяграфіі кіраўніка беларускай дзяржавы: “Ён раней не належаў да партыйнай або савецкай наменклатуры і не быў на пасадах у вышэйшай іерархіі ўлады.


Гарбачоў жа, як вядома, належаў, прычым быў у гэтай самай “іерархіі ўлады першым чалавекам. А яшчэ Гарбачоў увайшоў у гісторыю як генсек, які разваліў СССР. Для большасці былых грамадзян Вялікай Дзяржавы адказ на пытанне, чаму ён гэта зрабіў (дакладней, дапусціў), цяжкасцяў не выклікае: дапусціў, таму што апынуўся слабаком. З гэтага цалкам лагічна вынікае, што ў рашучы момант “ён папросту спалохаўся і кінуў краіну. Двукоссі тут невыпадковыя. Гэта чарговая цытата, і няцяжка здагадацца, хто яе аўтар.
Адкуль жа тады маё сумненне, якое адлюстроўвае выраз “здавалася б? Яно часткова ад ведання тэорыі, а часткова “ад жыцця. Пачну з Гарбачова. Неяк не верыцца, што на самую вяршыню наменклатурнай піраміды велізарнай аўтарытарнай краіны змог прабіцца чалавек, асноўнай характарыстыкай якога была “слабасць. Так не бывае. Але, з іншага боку, пэўных фактаў, калі ён не выяўляў рашучасці, так бы мовіць, воз і маленькая каляска.
Адзін з яго папярэднікаў — Хрушчоў — у свой час, не міргнуўшы вокам, загадаў расстраляць працоўных у Новачаркаску. А здавалася, які душэўны быў чалавек! Як хвацка скакаў гапак на сталінскіх дачах! Гарбачоў жа ніводнай сілавой аперацыі да канца не давёў — ні ў Тбілісі, ні ў Рызе, ні ў Вільнюсе. Непарушны ж саюз рэспублік свабодных без рэпрэсій існаваць не мог, вось і рассыпаўся, як толькі стала зразумела, што даваць каманды душыць танкамі палітычных апанентаў і проста незадаволеных няма каму. Па гэтай жа прычыне даволі хутка рассыпаўся і сацыялістычны лагер. Без савецкіх танкаў шанцаў выжыць у яго не было.
Як можна растлумачыць гэты парадокс? Тут усё досыць проста. Яшчэ пры ініцыятары заваявання цаліны Хрушчову СССР пачаў экспартаваць харчаванне. Па-першае, гэта такім чынам гукнулася калектывізацыя, а па-другое — індустрыялізацыя. Насельніцтва гарадоў імкліва расло за кошт прытоку з вёсак, прадукцыйнасць жа працы ў калгасах практычна тапталася на месцы.
Невялікая даведка. З 1971 па 1985 гады дзяржаўныя капітальныя ўкладанні ў аграпрамысловы комплекс склалі 580 мільярдаў рублёў. Пры гэтым рост чыстай прадукцыі сельскай гаспадаркі быў нулявым. Адток жа сельскіх жыхароў у гарады, які працягваўся ўсе гэтыя гады, скарачаў долю насельніцтва, што знаходзілася на самазабеспячэнні за кошт прысядзібных гаспадарак. Толькі па РСФСР колькасць тых, хто пражываў у гарадах, з 1970 па 1990 гады павялічылася з 81,0 да 109,8 мільёна чалавек.
Пры Брэжневе экспарт харчавання дасягнуў 40 мільярдаў долараў, ён паглынаў вялікую частку прыбыткаў ад продажу нафты і газу. Але ў 1985 годзе цана на нафту зменшылася ў 6 разоў, і Вялікая Дзяржава, якая здолела падтрымліваць ядзерны парытэт з ЗША, апынулася на парозе голаду. І гэта ў мірны час!
Што ў гэтых умовах заставалася рабіць Гарбачову? Ён распачаў лібералізацыю (Перабудову), бо іншай магчымасці здабыць дадатковыя рэсурсы ў краіны не было. Усе засекі і свірны падмялі і падскрэблі яшчэ яго папярэднікі. Але падтрыманне бягучых выдаткаў хоць бы на мінімальна прымальным узроўні запатрабавала крэдытаў. Узяць іх можна было толькі на Захадзе.
Але той, хто робіцца просьбітам і ідзе з працягнутай рукой, губляе самастойнасць у прыняцці рашэнняў. Такім чынам, ён аўтаматычна становіцца слабым. Гэта выснова справядлівая як на побытавым узроўні, так і на ўзроўні палітычным. Пры гэтым асабістыя якасці просьбіта — справа другасная.
Запазычым яшчэ адну цытату з афіцыйнай біяграфіі А. Лукашэнкі: “Мы спынілі галапуючую інфляцыю, скарацілі дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту. І гэта без усякай дапамогі звонку. Мы не разбазарылі народны здабытак, не нахапаліся замежных пазык, не ўлезлі ў даўгі, аддаваць якія давялося б дзецям і ўнукам.
 Сапраўды, у 2001 годзе беларуская ўлада каля амерыканскага пасольства, паводле дасціпнага выразу расійскага прэм’ера Пуціна, “не шакаліла. Гэтым яна занялася ў 2008-м. Нагадаю словы са снежаньскага інтэрв’ю Лукашэнкі галоўным дзяржаўным СМІ: “Нам цяпер складана, мы і да амерыканцаў звяртаемся па дапамогу. Праўда, не вельмі яны спяшаюцца нам дапамагчы, а дарма. Але я звяртаўся і да іх па дапамогу, хоць яны вельмі доўга разглядалі. Думаю, што 5 мільярдаў долараў — для іх гэта не праблема.
Амерыканцы, як вядома, далі — хай не наўпрост, а праз кантраляваны імі МВФ, і не 5 мільярдаў, а ў два разы менш, але далі. Аднак не трэба быць эканамістам, каб зразумець: атрыманых крэдытаў надоўга не хопіць. Да такой высновы падштурхоўвае і афіцыйная статыстыка: Нацыянальны банк за чатыры апошніх месяцы 2008 года на падтрыманне курсу рубля выдаткаваў 3 мільярда долараў. Вось і лічыце.
Крэдыты МВФ заўсёды суправаджаюцца пэўнымі ўмовамі, як, зрэшты, і любы крэдыт на буйную суму. З часткай гэтых умоў беларускае грамадства ўжо мела магчымасць пазнаёміцца. Гэта і паніжэнне ў снежні стаўкі першага разраду, і навагодні падарунак у выглядзе 20,5 працэнта дэвальвацыі айчыннага “зайчыка. Наконт астатніх умоў, я лічу, нас паінфармуюць у самы найбліжэйшы час. Не выключана, што ў першую чаргу яны “ўзрадуюць беларускіх пенсіянераў. Адпаведныя чуткі ходзяць ужо даўно, але плёткі я не каментую.
Хто б мог уявіць такую падатлівасць кіраўніка беларускай дзяржавы яшчэ ўвесну мінулага года. Які быў час! Як пераканаўча нам распавядалі пра тое, што Беларусь павінна выйсці з групы краін, якія даганяюць, і стаць удзельніцай групы лідэраў! Гэта пераканаўчасць была падмацаваная і пэўным знешнеэканамічным рашэннем, якое выявілася ў скарачэнні штата амерыканскага пасольства ў Беларусі да пяці чалавек, сярод якіх не знайшлося месца нават паслу. А гэта ж быў пасол той самой краіны, для якой даць Беларусі такія патрэбныя сёння 5 мільярдаў долараў “не праблема.
Вось такая гісторыя адбываецца на нашых вачах са словамі-антонімамі Лукашэнка — Гарбачоў. Яны ўсё больш пачынаюць паходзіць на сінонімы — словы, тоесныя або блізкія па значэнні, якія выражаюць адно і тое ж паняцце, але адрозніваюцца стылістычнай афарбоўкай.
Гэта гісторыя яшчэ далёкая ад свайго завяршэння, але кропка вяртання пройдзеная, “працэс пайшоў, і ўсім нам даволі хутка давядзецца стаць не толькі яго гледачамі, але і ўдзельнікамі.