Беларусь забараніла публікаваць даклад Рады Еўропы пра карупцыю
З 24 пунктаў рэкамендацый Беларусь выканала толькі 4.
Група дзяржаў па барацьбе з карупцыяй (GRECO) прадставіла ў Раду Еўропы даклад пра карупцыю ў Беларусі. У ім даецца ацэнка выкананню краінай рэкамендацый, атрыманых у 2012 годзе.
Беларускія ўлады другі раз забаранілі цалкам публікаваць гэты даклад, паведамілі ў Радзе Еўропы. Першы такі выпадак быў у 2012 годзе, калі эксперты арганізацыі ўпершыню рабілі аналіз таго, як у Беларусі змагаюцца з карупцыяй.
У сваім сёлетнім дакладзе адмыслоўцы адзначаюць, што Беларусь выконвае толькі 4 з 24 рэкамендацыяў з мінулага дакладу. "Краіна здолела дасягнуць істотнага прагрэсу толькі ў падрыхтоўцы і спецыялізацыі супрацоўнікаў праваахоўных органаў, ва ўвядзенні новых механізмаў канфіскацый тавараў і ўвядзенні бухгалтарскага ўліку і справаздачаў на аснове міжнародных стандартаў".
У дакладзе адзначаецца, што ўзровень выканання рэкамендацый — "глабальна нездавальняючы", нягледзячы на тое, што Беларусь у студзені 2014 года падпісала дадатковы пратакол да канвенцыі Рады Еўропы аб крымінальнай адказнасці за карупцыю.
27 траўня будзе апублікавана кароткае рэзюме даклада. Справаздача ахоплівае перыяд з 2012 да 2014 гадоў.