БНФ узнагароджвае Паўла Севярынца знакам Івашкевіча і патрабуе вызваліць вязня
Рашэннем ліпеньскага Сойма Партыі БНФ памятным знакам імя Віктара Івашкевіча будзе ўганараваны беларускі палітык Павал Севярынец, які цяпер знаходзіцца ў зняволенні. Гэтым знакам Партыя БНФ традыцыйна адзначае арганізатараў найбольш значных і гучных вулічных акцыяў.
Ліпеньскі Сойм Партыі БНФ вырашыў уганараваць Паўла Севярынца гэтай узнагародай ў знак прызнання ягонай вызначальнай ролі як арганізатара і натхняльніка серыі масавых акцыяў пратэсту, што адбыліся ў Беларусі напрыканцы 2019 года і былі скіраваныя супраць пагрозаў «паглыбленай інтэграцыі» і страты беларускага дзяржаўнага суверэнітэту.
Гэты знак быў заснаваны Беларускім Народным Фронтам у памяць пра выбітнага палітыка-фронтаўца Віктара Івашкевіча, арганізатара шматлікіх дэманстрацыяў ды шэсцяў, які пайшоў з жыцця ў 2013 годзе. Сёлета ўзнагарода ўручаецца ў сёмы раз.
Цяпер Павел Севярынец знаходзіцца ў зняволенні ў ізалятары на Акрэсціна – рэжым кінуў палітыка за краты па хлуслівых абвінавачаннях у адміністрацыйных правапарушэннях, штораз падаўжаючы яму тэрмін зьняволення на новыя і новыя «15 сутак адміністрацыйнага арышту за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў» (агульная працягласць арышту можа перавышаць сто сутак). Умовы ўтрымання зняволеных на Акрэсіцна ёсць нялюдскія і расцэньваюцца праваабаронцамі як форма катаванняў. Праваабарончы рух Беларусі супольнай заявай абвесціў Паўла Севярынца палітычным зняволеным.
Сойм Партыі БНФ патрабуе неадкладнага вызвалення Паўла Севярынца і ўсіх палітычных вязняў, пратэстоўцаў, сябраў ініцыятыўных групаў кандыдатаў, што былі заняволеныя за ўдзел у мірных акцыях. Сойм лічыць недапушчальным злоўжыванне адміністрацыйным і крымінальным пераследам палітычных апанентаў як сродкам ўтрымання адзінаасобнай аўтарытарнай улады і задушэння справядлівага народнага пратэсту.
Памятны знак імя Віктара Івашкевіча будзе ўручаны Паўлу Севярынцу пасля яго вызвалення.
Штогадовым памятным знакам імя Віктара Івашкевіча уганароўваюцца выбітныя асобы альбо арганізацыі, якія былі ініцыятарамі найбольш значных масавых акцыяў, у тым ліку мітынгаў, дэманстрацыяў, пікетаванняў, шэсцяў, аўта ці велапрабегаў. Крытэрамі для ўручэння знаку з’яўляюцца: актуальнасць тэмы акцыі і яе адпаведнасць нацыянальна-дэмакратычным прынцыпам і праграме Партыі БНФ, актуальнасьць узьнятай у часе акцыі праблемы, крэатыўнасць і творчы падыход пры планаванні і правядзенні акцыі, грамадскі розгалас і масавасць акцыі, яе ўплыў на грамадства ды іншыя дасягнутыя вынікі акцыі.
Уладальнік памятнага знаку імя Віктара Івашкевіча вызначаецца галасаваннем сябраў Сойму БНФ і абвяшчаецца 27 ліпеня, у дзень абвяшчэння даклfрацыі пра дзяржаўны суверэнітэт Беларусі.
У мінулым годзе памятным знакам імя Віктара Івашкевіча быў уганараваны намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў. Такім чынам была адзначаная ягоная роля ў справе арганізацыі мітынгу з нагоды 101-й гадавіны абвяшчэння Трэцяй Устаўной граматы БНР, які стаўся найбольш маштабнай імпрэзай у мінулагоднім адзначэнні гадавіны беларускай незалежнасці і стварыў прэцэдэнт, калі галоўная пляцоўка найвялікшага патрыятычнага свята месціцца па-за Менскам.
У ранейшыя годы знак імя Віктара Івашкевіча ўручаўся лідару грамадкай арганізацыі «Альтэрнатыва» Алегу Корбану, кінарэжыс`рцы і грамадскай актывістцы Вользе Мікалайчык, лідару «Маладога Фронта» Змітру Дашкевічу, ветэрану нацыянальна-адраджэнскага руху Ніне Багінскай, сябры БНФ і ўладальніку крамы symbal.by Паўлу Белавусу.
Паводле narodny.org