Былы спецназавец Ігар Макар: забойства Шарамета будзе раскрытае
Ігар Макар, былы намеснік камандзіра баявой групы «Алмаз», а цяпер прадстаўнік грамадзянскай ініцыятывы «Беларускі народны трыбунал», расказаў «Свабодзе», як даваў паказанні ў Кіеве ў справе аб забойстве Паўла Шарамета ў сувязі з публікацыяй гуказапісу 2012 году, у якім фігуруюць беларускія спецслужбы.
![eb407629_f10c_4f71_a09f_59a96961c991_w1023_r1_s.jpg eb407629_f10c_4f71_a09f_59a96961c991_w1023_r1_s.jpg](/img/v1/images/eb407629_f10c_4f71_a09f_59a96961c991_w1023_r1_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сцісла
Калі я прыляцеў ва Ўкраіну, мяне сустрэлі спецслужбы. Мне
была забяспечаная ахова 24 гадзіны на суткі.
На маю думку, я прадставіў дастаткова падставаў для таго, каб сцьвярджаць, што да замовы забойства Паўла Шарамета маюць дачыненне беларускія спецслужбы.
На 60% гэта звязана са справамі зніклых. Павел таксама шчыльна займаўся і расследаваннем справы выбуху ў мінскім метро. Можна гаварыць і пра нянавісць Аляксандра Лукашэнкі да Паўла Шарамета. Усё гэта разам і магло стаць прычынай яго ліквідацыі.
— Ігар, вы перадалі брусельскаму выданню EUObserver для расследавання запіс размовы 2012 году з удзелам кагосьці, чый голас нагадвае голас тагачаснага старшыні КДБ Беларусі Вадзіма Зайцава. У запісе вядзецца размова аб ліквідацыі за мяжой Алега Алкаева, Уладзіміра Барадача, Вячаслава Дудкіна і Паўла Шарамета. І наша сённяшняя размова будзе звязаная з імем Паўла Шарамета, бо вы толькі што вярнуліся з Кіева, дзе давалі паказанні па гэтай справе. Што адбылося?
— 16 студзеня я вярнуўся з Кіева ў Вільню. Пасля публікацыі маёй інфармацыі пра тое, што адбывалася ў кабінеце старшыні КДБ Зайцава ў 2012 годзе, са мной звязаліся ўкраінскія дыпламаты і абмеркавалі супрацоўніцтва ў справе раскрыцця забойства Паўла Шарамета. Па просьбе начальніка дэпартаменту нацыянальнай паліцыі Ўкраіны мне адкрылі ўкраінскую візу і папрасілі прыляцець ва Ўкраіну і ўзяць удзел у следчых дзеяньнях.
Можна было гэта зрабіць і ў Вільні, але лепей
ва Ўкраіне. Я пракансультаваўся са сваёй камандай і потым заявіў пра згоду
ляцець ва Ўкраіну. Мне прыходзіла шмат лістоў ад людзей, якія прасілі не
ляцець, бо гэта можа быць небяспечна, але я вырашыў усё ж ляцець.
Калі я прыляцеў ва Ўкраіну, мяне сустрэлі спецслужбы. Мне
была забяспечаная ахова 24 гадзіны на суткі. Я пабачыў прафэсіяналізм у працы
ўкраінскіх спецслужбаў. Мы правялі ў нацыянальнай паліцыі следчыя дзеянні і
іншыя мерапрыемствы, пасля якіх украінскі бок паведаміў мне, што ў іх няма
падставаў мне не давяраць. На маю думку, я прадставіў дастаткова падставаў для
таго, каб сцьвярджаць, што да замовы забойства Паўла Шарамета маюць адносіны
беларускія спецслужбы.
Я даў украінскаму боку нашмат больш інфармацыі, чым
абнародаваў у СМІ. Я не публікаваў яе, бо некаторым людзям пагражала б
небяспека. Пагаварыўшы з супрацоўнікамі галоўнага следчага ўпраўленьня
нацыянальнай паліцыі Ўкраіны, я пераканаўся ў іх карэктнасці і
прафэсіяналізме. Мы дамовіліся, і я паабяцаў, што не агалошу свае паказанні,
бо гэта можа паўплываць на следзтва. Ужо ідуць суды ў гэтай крымінальнай
справе, і вельмі важна, каб гэтая інфармацыя нікуды не трапіла.
— Версія аб удзеле беларускіх спецслужбаў была ад самага
пачатку, але гэта не была асноўная версія ў расследаванні ўкраінскіх
спецслужбаў. Ці думаеце вы, што цяпер расследаванне будзе ісці па гэтым
кірунку як па асноўным?
— Я думаю, што расследаваньне справы карэнным чынам
зменіцца ў выніку ўсяго гэтага, і яно будзе даведзенае да канца ўжо
Генеральнай пракуратурай Украіны. Я перакананы, што гэтае злачынства будзе
раскрытае. Я перакананы, што незалежна ад таго, хто цяпер затрыманы і каго
падазраюць, следзтва давядзе справу да канца і высветліць, хто канкрэтна
здзейсьніў забойства і хто непасрэдны замоўнік гэтага гучнага забойства.
Што да прычын забойства Паўла Шарамета, на маю думку, на 60%
гэта звязана са справамі зніклых. Павел таксама шчыльна займаўся і
расследаваннем справы выбуху ў мінскім метро ў 2011 годзе. На маю асабістую
думку, пасля супастаўленьня шэрагу фактаў і пасля размовы з украінскімі
следчымі, можна гаварыць і пра нянавісць Аляксандра Лукашэнкі да Паўла
Шарамета. Усё гэта разам і магло стаць прычынай яго ліквідацыі. І гэта было
зроблена як дэманстратыўнае забойства.
Мае крыніцы ў Беларусі паведамілі мне, што публікацыя
аўдыёзапісу выклікала вялізарны розгалас у КДБ. Усе на ўзводзе, чакаюць нейкіх
каментароў, адзін за адным сочаць, усе чагосьці баяцца. Ці ў бяспецы я? Я іду
на свядомую рызыку, і я не адступлюся і буду ісці наперад дзеля беларускага
народу. І думаю, што даб’юся таго, да чаго імкнуся.
Журналіст выданьня «Українська правда» Павал Шарамет загінуў
20 ліпеня 2016 году ў выніку выбуху аўтамабіля ў цэнтры Кіева. У снежні 2019
году паліцыя ўпершыню назвала імёны падазраваных у справе: сяржант Сілаў
спецыяльных аперацый Андрэй Антоненка (Riffmaster), вайсковы медык Яна Дугар і валанцёрка Юлія
Кузьменка. Яны заяўляюць, што не маюць дачынення да забойства. 4 верасня 2020
году суд пачаў разгляд справы.
4 студзеня 2021 году брусэльскае выданьне EUObserver апублікавала запіс размовы 2012 году з удзелам асобы, чый голас нагадвае голас тагачаснага старшыні КДБ Беларусі Вадзіма Зайцава. У размове гаворка ішла аб падрыхтоўцы ліквідацыі апанентаў беларускай улады.
Пра што гаворыцца ў расследаванні EUObserver
Выданне апублікавала гукавы запіс размовы 2012 году з удзелам кагосьці, чый голас нагадвае голас тагачаснага старшыні Камітэту дзяржаўнай бяспекі Беларусі Вадзіма Зайцава.
Падчас гутаркі з двума суразмоўцамі абмяркоўваецца аперацыя па ліквідацыі Алега Алкаева (былога начальніка СІЗА № 1, «Валадаркі» ў Менску), Уладзіміра Барадача (былога камандзіра брыгады спэцназу), Вячаслава Дудкіна (былога выканаўцы абавязкаў начальніка аддзелу барацьбы з карупцыяй) і Паўла Шарамета (расійскага журналіста беларускага паходжання, які ў той час жыў у Маскве).
Паводле запісу, Аляксандар Лукашэнка нібыта выдзеліў звыш 1,5 млн долараў на аперацыі такога кшталту.
Спэцыялісты NATO ў Беларусі, знаёмыя з Зайцавым, пацвердзілі брусельскаму выданню падабенства голасу Зайцава на аўдыё.
З 2013 году былы галава КДБ Зайцаў узначальвае прыватную кампанію — правайдэра тэле- і інтэрнэт-паслуг «Космас ТВ».