Ці выпусціць Лукашэнка палітвязняў пад ціскам Пуціна?
Сваё меркаванне на гэты конт выказвае журналіст, былы дэпутат Вярхоўнага Савета Сяргей Навумчык.
Блізкія сябры пацвердзяць, што яшчэ ў 90-я я раіў чытаць даследаванні пра Сталіна, каб лепей зразумець, што адбываецца і што адбудзецца, — але многія лічылі, што «сталінізм асуджаны», «высновы зробленыя», «былое не вернецца». Чалавек, аднак, не мяняецца з часоў Калігулы і Нерона, проста Сталін (як і Гітлер) — бліжэйшыя для нас.
Чытаю прагнозы, што Лукашэнка выпусціць палітвязняў — пад ціскам Пуціна. Адкуль узяцца такой гуманнасці ў Пуціна, у якога ў турме Навальны і якога, як бачна, не пужае нават верагоднасць смерці вязня нават пад пагрозай новага этапу санкцый? Навошта Лукашэнка разгортваў маштабныя рэпрэсіі, каб іх вось гэтак раптоўна спыніць?
Вы можаце ўявіць, каб пасля раскрыцця «змовы» Тухачэўскага, які нібыта хацеў знішчыць Сталіна (я, канешне, не раблю ніякіх паралелей паміж асобамі маршала і захопленымі ў Маскве) — каб пасля гэтага Сталін узяў і вызваліў мільёны закінутых у ГУЛАГ — сярод якіх большасць дакладна жадала гібелі Сталіна? Навошта? Дзе тут логіка?
Такі альтруізм, такі алгарытм паводзін не ўкладаецца ў паранаідальную псіхалогію дыктатараў. І ў часы антычнасці, і ў часы лічбавых тэхналогій яны ўспрымаюць толькі адзін спосаб утрымання ва ўладзе як самы надзейны: рэпрэсіі.