Дзень народзінаў за кратамі: Валадар Цурпанаў

Сёння за кратамі сустракае свае 59-годдзе актывіст і праваабаронца з Магілёва Уладзімір (Валадар) Іванавіч Цурпанаў.

Фота mspring.online

Фота mspring.online


У верасні 2020 года Цурпанаў дазволіў сабе неадназначнае выказванне на адрас суддзі суда Ленінскага раёна Вікторыі Паляковай, а 14 кастрычніка ў падобных умовах — на адрас суддзі Кастрычніцкага раёна Вольгі Краўчанка. За гэта ў дачыненні да актывіста завялі дзве крымінальныя справы па арт. 391 Крымінальнага кодэкса («Абраза суддзі»). Валадара Цурпанава пакаралі 3 гадамі абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»).
На пачатку лютага актывіста накіравалі адбываць «хімію» ў папраўчую ўстанову №46 у Круглым. Аднак 16 сакавіка стала вядома, што Валадара Цурпанава змясцілі ў СІЗА турмы №4. Яму ставяць у віну арт. 415 КК — «Ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі». Сам ён на сваёй старонцы ў Facebook сцвярджаў, што справа заведзеная ў дачыненні да яго за тое, што ён згаджаўся працаваць толькі пры выкананні яго працоўных правоў пры адбыцці «хіміі» — патрабаваў заробак, які адпавядае мінімальнаму памеру, гарантаванаму дзяржавай. Па гэтым артыкуле актывісту пагражае да 3 гадоў пазбаўлення волі.
Падтрымайце бескампраміснага вязня лістамі ды паштоўкамі: турма №4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А. Уладзіміру Іванавічу Цурпанаву. 
У сваю чаргу «Новы Час» віншуе спадара Валадара з Днём народзінаў! Жадаем моцы, аптымізму, душэўных сілу і найхутчэйшага вызвалення!