Ціханоўская папрасіла эканамістаў дапамагчы з падрыхтоўкай праектаў рэформ

На эканамічным форуме ў польскім Карпачы Святлана Ціханоўская сустрэлася з беларускімі эканамістамі і аналітыкамі, паведамляе reform.by са спасылкай на офіс палітыка.

Фота: офіс Святланы Ціханоўскай

Фота: офіс Святланы Ціханоўскай


Сярод іх — Серж Наўродскі, Яўген Буры, Кацярына Барнукова, Дзмітрый Крук, Леў Львоўскі, Сяргей Чалы і палітолаг Рыгор Астапеня. Таксама на сустрэчы прысутнічаў прадстаўнік Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч.
Святлана Ціханоўская падзякавала ім за дапамогу і экспертызу ў падрыхтоўцы ўсёабдымнага плана эканамічнай дапамогі для дэмакратычнай Беларусі і папрасіла іх дапамагчы з падрыхтоўкай праектаў рэформ і інфраструктурных праектаў.
«Людзі хочуць ведаць, што іх чакае ў будучыні. І мы павінны быць гатовыя праводзіць рэформы, калі з'явіцца акно магчымасцей», — патлумачыла яна.
Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі ўведзеныя санкцыі і неабходнасць падтрымкі пацярпелага ад рэжыму прыватнага бізнесу. У прыватнасці, ішла гаворка пра неабходнасць лібералізацыі экспарту паслуг з Беларусі ў ЕС.
Ціханоўская паабяцала абмеркаваць гэтыя прапановы з прадстаўнікамі Еўракамісіі ў бліжэйшы час. Паводле яе слоў, праца з бізнесам і падтрымка прыватнага сектара з'яўляецца адным з прыярытэтаў для эканамічнай каманды офіса.
Падчас сустрэчы таксама ішла размова пра ўмовы для беларускіх рэлакантаў за мяжой, візавыя пытанні, атрыманні дазволу на працу, магчымасці дыстанцыйна адкрываць банкаўскія рахункі і мець доступ да біржы працы.
Паведамляецца, што каманда Ціханоўскай працягне супрацоўніцтва з незалежнымі эканамічнымі экспертамі.
Нагадаем, што да каманды прадстаўніка Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алеся Аляхновіча далучыліся новыя спецыялісты.