Дашкевіч: Вылучэнне Статкевіча — ясная і зразумелая стратэгія
У выпадку нерэгістрацыі палітвязня трэба аб'яўляць байкот.
Пра гэта ў інтэрв'ю charter97.org заявіў сустаршыня «Маладога фронту» і былы палітвязень Зміцер Дашкевіч,
каментуючы ініцыятыву вылучэння Мікалая Статкевіча ў якасці адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары 2015 года. Палітык назваў гэты крок найбольш зразумелым і лагічным для дэмакратычных сілаў
Беларусі.
«Для мяне абсалютна відавочна, што патрабаванне вызвалення палітвязняў павінна стаяць першым пунктам для апазіцыі, — сказаў Зміцер Дашкевіч. — Без яго
выканання яна не мае маральнага права браць удзел у любой кампаніі, тым больш у прэзідэнцкіх выбарах. Вылучэнне Мікалая Статкевіча адзіным кандыдатам — самая прымальная, зразумелая, ясная і
лагічная стратэгія з тых, якія могуць быць. Калі хто-небудзь заяўляе аб тым, што яна нерэальная (пра гэта ўжо напісалі некаторыя палітолагі), то магу адказаць, што яна не менш рэальная, чым вылучэнне
любога беларускага палітыка ў якасці кандыдата ў прэзідэнты краіны. Больш за тое, гэтая стратэгія найбольш зразумелая грамадству: нельга праводзіць прэзідэнцкія выбары ў той час, як адзін з
удзельнікаў папярэдняй кампаніі, якая прайшла пяць гадоў таму, дагэтуль знаходзіцца за кратамі.
Я ўпэўнены, што калі дэмакраты паміж сабой дамовяцца хаця б у гэтым пытанні і вылучаць Мікалая Статкевіча ў якасці адзінага кандыдата, то ён выйдзе на волю ўжо бліжэйшым часам. Зарэгіструюць яго
ў якасці кандыдата ці не — гэта ўжо больш складанае пытанне, так як Аляксандр Лукашэнка разумее, што гэта моцны з маральнага пункту гледжання праціўнік. Але ўлады вымушаныя будуць вызваліць
Мікалая Статкевіча і іншых палітвязняў».
Калі ж Статкевіча не зарэгіструюць, то ўдзельнічаць у гэтых выбарах нельга. У сітуацыі наяўнасці ў Беларусі палітвязняў адзінай формай удзелу ў выбарчай кампаніі можа быць толькі байкот
— абсалютна ясны з пункту гледжання маралі адказ рэжыму. У іншым выпадку апазіцыя канчаткова страціць свой аўтарытэт у беларускім грамадстве, мяркуе лідар «Маладога
Фронту».