Дэпутаты Бундэстага сталі «хроснымі» Эдуарда Бабарыкі, Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава

У межах кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou, арганізаванай швейцарска-нямецкай праваабарончай арўанізацыяй «Libereco — Партнёрства за правы чалавека», яшчэ тры дэпутаты Бундэстага Германіі сталі «хроснымі» для беларускіх палітвязняў. Карл-Хайнц Брунэр, Амід Нурыпур і Франк Швабэ патрабуюць іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення.

westandbyyou.jpg

Карл-Хайнц Брунэр, дэпутат Бундэстага ад СДПГ, стаў “хросным” Эдуарда Бабарыкі. Ён заяўляе:
“Людзі ў Беларусі справядліва пратэстуюць супраць дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі і фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. Усюды, дзе парушаюцца правы чалавека, дэмакратыя і вяршэнства закона, мы павінны стаяць на баку прыгнечаных. Таму я сімвалічна стаў “хросным” Эдуарда Бабарыкі, які з 18 чэрвеня знаходзіцца ў СІЗА КДБ за падтрымку выбарчай кампаніі свайго бацькі Віктара Бабарыкі. Ягоны арышт ганебны. Агітацыя за дэмакратычныя выбары не з'яўляецца злачынствам. Сваім рашэннем стаць “хросным бацькам” я хачу паслаць сігнал: такія парушэнні немагчыма ігнараваць. Я не прызнаю гэтых сфальсіфікаваных выбараў. Я патрабую неадкладнага вызвалення Эдуарда Бабарыкі і ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі!”

Карл Хайнц-Брунэр

Карл Хайнц-Брунэр

Амід Нурыпур, прадстаўнік парламенцкай групы “Бундніс 90/Die Grünen” па пытаннях замежных справаў, заявіў з нагоды падтрымкі палітвязня Сяргея Пятрухіна:
“У выніку сфальсіфікаваных выбараў Лукашэнка справакаваў масавы палітычны крызіс у сваёй краіне. На працягу некалькіх тыдняў беларусы выходзяць на вуліцы і выступаюць за свабодныя і сумленныя выбары ў краіне. Там яны часта сутыкаюцца з гвалтам і тэрорам. Мірных дэманстрантаў, палітычных актывістаў і журналістаў пераследуюць, арыштоўваюць і выкрадаюць. Беларуская дзяржава абавязалася выконваць агульнапрымальныя стандарты правоў чалавека. Я заклікаю беларускія ўлады выконваць свае абавязацельствы ў рамках міжнароднага права і спыніць пераслед Сяргея Пятрухіна і іншых палітвязняў. Іх трэба вызваліць неадкладна, безумоўна і без шкоды іх здароўю”.

Амід Нурыпур

Амід Нурыпур

Франк Швабэ, прадстаўнік парламенцкай групы СДПГ па правах чалавека і гуманітарнай дапамозе, стаў “хросным” палітвязня Аляксандра Кабанава. Ён заяўляе:
“Палітвязні ў Беларусі павінны быць неадкладна вызвалены. Я таксама заклікаю да гэтага ў межах кампаніі #WeStandByyou. Як дэпутат Бундэстагу я заклікаю неадкладна вызваліць Аляксандра Кабанава і ўсіх астатніх палітвязняў. Свабода выказвання меркавання — гэта права чалавека, а не злачынства. Правы чалавека ўніверсальныя і павінны прымяняцца ва ўсім свеце. Вінаватыя ў сур'ёзным жорсткім абыходжанні і парушэнні правоў чалавека ў Беларусі павінны несці адказнасць на нацыянальным і міжнародным узроўні”.

Франк Швабэ

Франк Швабэ

Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя “Libereco — Партнёрства за правы чалавека” распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.
Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.
У межах кампаніі #WeStandBYyou дэпутаты еўрапейскіх парламентаў заяўляюць пра гатоўнасць стаць “хроснымі бацькамі” палітвязняў у Беларусі і дамагацца іх вызвалення. Раней Мануэль Сарацын, прэс-сакратар па ўсходнееўрапейскай палітыцы фракцыі “Бюндніс 90/Зялёныя” ў нямецкім Бундэстагу, стаў хросным блогера Ігара Лосіка, які знаходзіцца ў СІЗА з 25 чэрвеня.
spring96.org