Эксперт: Элементы надзвычайнага становішча ўжо ёсць у беларускай рэальнасці
Беларускі палітычны эксперт Ягор Лебядок
аналізуе на Радыё Свабода матывы і наступствы забароны беларусам выяжджаць з краіны, адказвае на
пытанне, хто можа стаяць за скандальнымі злівамі, а таксама ацэньвае настроі ў
сілавых структурах.
![Эксперт у вайсковай галіне Ягор Лебядок Эксперт у вайсковай галіне Ягор Лебядок](/img/v1/images/6f7fb8f6_aa09_4ed4_b112_9e778e2d34b2_w1597_n_r1_st.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Эксперт у вайсковай галіне Ягор Лебядок
—Улады Беларусі часова забаранілі выезд грамадзянаў за мяжу, абгрунтоўваючы гэта змаганнем з эпідэміяй COVID-19. Але, выглядае, значная частка беларускага грамадзтва не паверыла ў гэтую матывацыю і разглядае гэты крок як відавочнае абмежаванне правоў. Як вы ацэньваеце гэты крок, ці схільныя вы тут бачыць не толькі барацьбу з ковідам?
— Відавочна, што барацьба з ковідам тут другасная. Лукашэнка ж казаў ня так даўно, падчас разгару эпідэміі, што няма ніякага сэнсу абмяжоўваць перамяшчэнне грамадзянаў ці закрываць межы. А тут раптам межы закрываюцца. Зразумела, гэта мае найперш палітычны кантэкст.
Абмежаванне на выезд нібыта часовае, але калі пачытаць уважліва, то дазваляецца выезд з абгрунтаваных прычынаў (на працу ці на вучобу) толькі раз у паўгода. То бок гэты дакумент будзе дзейнічаць і надалей, пакуль улады ня вырашаць, што яны дасягнулі мэтаў, якія спрабуюць дасягнуць гэтай пастановай.
Што гэта за мэты? Цяжка сказаць, што ў іх у галовах. Альбо гэта штуршок для тых, хто разглядае магчымасць з’ехаць з Беларусі, — каб яны з’ехалі як мага хутчэй, яшчэ да 20 снежня, калі дакумент уступіць у сілу. Альбо, наадварот, мэта — утрымаць у Беларусі тых, хто разважае пра ад’езд, — медыкаў, праграмістаў, бізнэсоўцаў.
— Некаторыя аглядальнікі ацанілі шэраг апошніх дзеянняў улады дэ-факта як увядзенне элементаў надзвычайнага становішча без юрыдычнага рашэння.
— Элементы надзвычайнага становішча ўжо ёсць у беларускай рэальнасці, гэта відавочна. Але што да гэтай пастановы наконт забароны выяжджаць, то незразумела — навошта імкнуцца пакінуць усіх актыўных у Беларусі, калі нібыта наадварот, ёсць мэта іх пазбавіцца?
— Вы нярэдка пішаце пра сітуацыю і настроі ў сілавых структурах. Калі казаць стратэгічна — што там зараз адбываецца? Ці застаецца там усё жалезабетонна, ці маюць рацыю тыя, хто кажа пра пэўныя разломы і нездавальненне?
— Жалезабетонна там не было ўжо і да выбараў. Аднак падзеі 9–12 жніўня на пэўны час адсунулі ў бок незадавальненне сітуацыяй з боку вайскоўцаў і супрацоўнікаў МУС. Трэба было займацца “ратаваннем дзяржавы”, як яны гэта разумелі (і зараз так лічаць). А цяпер, калі для сілавікоў ужо спакайнейшы час, вярнулася пэўная рутына — узмацняецца праточванне інфармацыі і настрояў грамадзтва ў сілавы сэктар. Усё гэта спрыяе пэўным хістанням і сумневам. Гэтая плынь настрояў з цывільнага сэктару у сілавы ідзе і не спыняецца.
Галоўнае — Лукашэнку няма чаго прапанаваць грамадзтву, гэта паступова даходзіць і да сілавікоў. Натуральна, у іх застаецца свая, адрозная, „кухня“, — нехта разлічвае на прасоўванне па службе, нехта на дзяржаўную кватэру. Але тое, што за Лукашэнкам няма будучыні ў Беларусі, бачаць і людзі ў пагонах. Проста яны пакуль ня бачаць, хто можа гэтую будучыню забяспечыць. Ціханоўская не пасуе сілавікам хаця б таму, што яна жанчына. Там настроі ў гэтым сэнсе даволі патрыярхальныя.
— Як бы вы ацанілі злівы ў тэлеграм-каналы размоваў, як мяркуецца, прэс-сакратара Лукашэнкі, а потым ужо і самога Лукашэнкі? Хто можа быць крыніцай гэтых зліваў і што яны кажуць пра сітуацыю ўнутры ўладных структураў?
— Калі казаць пра замежную версію — то гэта, безумоўна, Расея. Сакрэт Палішынэля, што яны сочаць і за Лукашэнкам, і за ўсёй вертыкаллю. Гэта мог быць знак у стылі „мы кантралюем усё, што ты робіш, і таму не дазваляй сабе выбрыкаў кшталту імітацыі “круглых сталоў”“.
Калі казаць пра ўнутраную версію, то гэта могуць быць і самі беларускія сілавікі, якія разумеюць, што тое, што робіць тая ж Эйсмант, кідае цень на рэпутацыю сілавых структураў і ўвогуле не адпавядае маралі і законнасці.
— Калі зноў вярнуцца да тэмы забароны на выезд, то многія звязалі гэта з наступнымі матывамі: ускладніць выезд былым беларускім сілавікам ці тым сілавікам, якія жадаюць стаць “былымі” і даць адпаведныя паказанні міжнародным следчым структурам, якія ўжо расследуюць парушэнні закону беларускімі сілавікамі.
— Так, кажуць, што гэтая пастанова накіраваная на забарону выезду сведкам, ці сілавікам, ці прадстаўнікам вертыкалі ўлады. Я думаю, што гэта ня так. Бо ўжо даволі шмат прыкладаў паказала, што калі ўлада кагосці ня хоча выпускаць — яму не дадуць выехаць. мяркую, што ўся вертыкаль улады нявыязная ўсе гэтыя 4 месяцы. Мітрапаліта Кандрусевіча не пускаюць у Беларусь без усялякіх адмысловых пастановаў, насуперак усім законам.
Відаць, улады спадзяюцца, што забарона на выезд паслужыць у якасці стрымання. Калі ў чалавека ёсць шлях адыходу, то ён можа больш адкрыта выказвацца, хадзіць на мітынгі. А калі ёсць разуменне, што ў разе патрэбы нікуды ня з’едзеш, — то некаторыя задумаюцца, і пэўны працэнт можа скарэктаваць свае дзеянні.
— У кожным разе крок за крокам улада ідзе шляхам самаізаляцыі. Але ці бачыць яна стратэгічную перспектыву на гэтым шляху? Ці сапраўды яна прагне будаваць у Беларусі новую Паўночную Карэю, ці спадзяецца ўціхамірыць грамадзтва і потым зноў пачаць гуляць у “адкрытасць і лібералізацыю”?
— Памятаеце, Лукашэнка, выступаючы перад дэпутатамі і чыноўнікамі 4 жніўня, кінуў такую фразу: маўляў, дайце нам год-паўтара, мы з усімі разбяромся і ўсё потым будзе добра. Такі ў яго падыход зараз — усё зачынім, навядзем парадак, а потым будзем у вочы ўсім казаць пра новую лібералізацыю, трансфармацыю і гэтак далей. І гэта далёка ня першы такі выпадак за 26 гадоў ягонага кіравання. Але ж не, на гэты раз такі сцэнар ужо ня пройдзе, ніхто яго ня прыме.
Цяперашняя палітычная трасфармацыя грамадзтва, самасвядомасць людзей — усе гэта пранікае і ў сілавыя структуры. Мірны пратэст паступова прывядзе да адмовы сістэмы кіравання, калі чалавек, які называе сябе прэзідэнтам, ня можа рэалізаваць свае паўнамоцтвы, бо ніхто па-сапраўднаму не выконвае ягоныя загады. Такая ўлада робіцца нікому не патрэбная і яе зліваюць свае ж, як паказвае гістарычны досвед. Будзе проста невыкананне ня вельмі разумных загадаў і пастановаў.