ЕС дадаткова выдаткуе 30 млн еўра на падтрымку грамадзянскай супольнасці Беларусі
Еўрасаюз дадаткова выдаткуе 30 мільёнаў еўра для беларускай моладзі, незалежных СМІ, малых і сярэдніх прадпрыемстваў, вымушаных пакінуць краіну, і дзеячаў культуры. Пра гэта паведаміла ў Twitter кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен, якая сустрэлася сёння са Святланай Ціханоўскай ў Брусэлі.

Святлана Ціханоўская і Урсула фон дэр Ляен.
«Беларускі народ мае законнае права вызначаць далейшы шлях сваёй краіны. ЕС з ім. У нас ёсць эканамічны і інвестыцыйны пакет на 3 мільярды еўра, падрыхтаваны на карысць дэмакратычнай Беларусі», — нагадала яна, паведамляе REFORM.by.
«Святлана Ціханоўская, вы натхняеце ўсіх нас. ЕС падтрымлівае беларускі народ у яго барацьбе за свабоду і дэмакратыю. Сёння мы павялічваем нашу падтрымку, дадаўшы дадаткова 30 мільёнаў еўра для моладзі, незалежных СМІ, малых і сярэдніх прадпрыемстваў у выгнанні і дзеячаў культуры», — сказала кіраўніца ЕК.
Таксама Ціханоўская правядзе перамовы з прэзідэнтам Еўрапейскай Рады Шарлем Мішэлем. Яны абмяркуюць удзел Беларусі ва Усходнім партнёрстве і стратэгію Еўрасаюза па Беларусі.
Пасля адбудзецца шматбаковая сустрэча высокага ўзроўню пад старшынствам вярхоўнага прадстаўніка па знешняй палітыцы ЕС Жазэпа Барэля паміж дэмсіламі Беларусі і міністрамі краін ЕС. У ёй таксама возьме ўдзел Шарль Мішэль.