Гары Каспараў: Лукашэнка трымаецца толькі дзякуючы падтрымцы Пуціна

«Калі зверствы паліцэйскіх зашкальваюць ужо, армія прыходзіць на выручку і бярэ на сябе ініцыятыву. Гэтага не адбываецца менавіта таму, што сувязі беларускіх генералаў з расійскім Генштабам, з Крамлём відавочныя. Пакуль цень Пуціна маячыць за Лукашэнкам, беларуская армія застаецца ў казармах, а гэта дазваляе Лукашэнку беспакарана весці тэрор на вуліцах», — перадае словы Гары Каспарава «Свабода».

26021451_ac4e_4112_ae1d_d99c775245cc_cx0_cy9_cw0_w1023_r1_s.jpg


Чэмпіён свету па шахматах, заснавальнік Форуму свабоднай Расіі, кіраўнік Фонду абароны правоў чалавека Гары Каспараў у гутарцы з Міхаілам Сакаловым разважае пра ўрокі беларускага супраціву для расійскай апазіцыі.

— Давайце паглядзім на тое, што адбываецца па суседстве з Расіяй — у Беларусі, дзе ідуць пратэсты супраць дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі, усё гэта зараз працягваецца пад лозунгам агульнанацыянальнай забастоўкі. Аляксандр Лукашэнка паабяцаў не прызнаваць замежныя дыпломы, гэта значыць, ёсць яшчэ адна форма ціску на студэнтаў, якія могуць з’ехаць пасля выключэння з ВНУ вучыцца за мяжу. Якія ўрокі беларускага супраціву для расійскай апазіцыі? Чаму Беларусь, дарэчы, у сувязі з выбарамі, да якіх вы скептычна ставіцеся, выйшла з палітычнай спячкі, а Расія неяк пакуль не збіраецца?

— Па-першае, наконт пагроз Лукашэнкі не прызнаваць дыпломы. Зразумела, што дыплом — гэта рэч, якая не заўтра будзе выдадзена. Калі, дай Бог, гэтыя студэнты атрымаюць дыпломы, ніякага Лукашэнкі ў Беларусі не будзе.

Відавочна, што рэжым Лукашэнкі гістарычна асуджаны, прычым гістарычна — гэта не ў далёкай перспектыве, а досыць хутка. Трымаецца ён на плыву толькі дзякуючы безумоўнай падтрымцы Пуціна.

Мне здаецца, многія не разумеюць, што гэтая падтрымка носіць не толькі матэрыяльны характар. Зразумела, што ёсць фінансавыя рэсурсы, падсілкоўванне, якое дазваляе Лукашэнку плаціць гэтым дзяржымордам на вуліцах, плаціць вар’яцкія грошы, якія разам з іншымі, медычнымі стымулятарамі робяць іх сапраўды пазбаўленымі чалавечага аблічча і гатовымі ісці на любыя злачынствы, каб выканаць волю свайго гаспадара.

Расклад сілаў у Беларусі дастаткова відавочны, як з пункту гледжання сацыялагічных апытанняў, так і гледзячы на вуліцу і на марныя спробы Лукашэнкі арганізаваць нейкую сваю Паклонную гару, дэманстрацыю ў сваю падтрымку, якія, безумоўна, усе праваліліся. Прыкладна 80%, а можа і больш, насельніцтва Беларусі хоча, каб Лукашэнка сышоў. З гэтых 80%, напэўна, не болей за палову гатовыя да актыўных дзеянняў, да пратэстаў, палова проста чакае.

Відавочна, што пераважная большасць жыхароў Беларусі ад Лукашэнкі стомленая і хоча яго сыходу. Трымаецца Лукашэнка толькі дзякуючы гэтай безумоўнай пуцінскай падтрымцы, таму што ў любым іншым выпадку, мы проста ведаем з гісторыі, у працэс умешваецца армія.

Шмат людзей, якія выходзяць на вуліцу, у іх ёсць сваякі; армія, урэшце, набіраецца не з марсіян, яна таксама набраная з беларусаў. Калі зверствы паліцэйскіх зашкальваюць ужо, армія прыходзіць на выручку і бярэ на сябе ініцыятыву. Гэтага не адбываецца менавіта таму, што сувязі беларускіх генералаў з расійскім Генштабам, з Крамлём відавочныя. Пакуль цень Пуціна маячыць за Лукашэнкам, беларуская армія застаецца ў казармах, а гэта дазваляе Лукашэнку беспакарана весці тэрор на вуліцах.

Я думаю, і гэта даволі абмежаваная па часе магчымасць, менавіта таму, што лічбы ўсе працуюць супраць Лукашэнкі. У гэтай сітуацыі Еўропа ўпершыню паказала, што яна не гатовая цярпець бясчынствы дыктатара на яго тэрыторыі. Дзеянні еўрапейскіх палітыкаў, еўрапейскіх інстытутаў даволі выразна паказваюць на тое, што Еўропа не будзе мірыцца з захаваннем лукашэнкаўскай дыктатуры. Тое, як прымаюць Ціханоўскую, як ставяцца да Каардынацыйнай рады беларускай апазіцыі, дэманструе гатоўнасць Еўропы аказаць усялякую дапамогу з тым, каб сітуацыя ў Беларусі была вырашаная на карысць пераважнай большасці жыхароў гэтай краіны.

Цяпер што тычыцца ўрокаў беларускага супраціву. Вынік выбараў, на якіх пераканаўча перамагла Ціханоўская, і справакаваў гэты масавы пратэст, які фактычна перарос сёння ў рэвалюцыю... Трэба разумець, што ёсць выбары, а ёсць выбары. У Савецкім Саюзе ў канцы 1980-х гадоў выбарная тэма была вельмі актуальная, таму што слабы рэжым ішоў на гэтыя саступкі. Калі рэжым спрабуе з дапамогай выбарных механізмаў патушыць пратэставую актыўнасць, у выбарах удзельнічаць, безумоўна, трэба, таму што ёсць магчымасць захапіць ініцыятыву, калі казаць шахматнай мовай.

У Расіі сітуацыя роўна адваротная, рэжым ні на якія саступкі не ідзе, ніякіх рэгістрацый апазіцыйных кандыдатаў не было і не прадбачыцца. Усё ператвараецца ў мішуру, у дэкарацыі кардэбалету, які Крэмль пастаянна выкарыстоўвае для дасягнення сваіх канкрэтных мэтаў.

У Беларусі Лукашэнка пайшоў якраз па дарозе слабеючай дыктатуры, даў магчымасць апазіцыйным кандыдатам, у дадзеным выпадку Святлане Ціханоўскай, удзельнічаць, лічачы, што жанчына, якая не мае ніякага палітычнага вопыту, якая не мае ніякіх сувязяў у апазіцыйным асяроддзі, будзе зручным спарынг-партнёрам.

Але ён пралічыўся, недаацаніўшы, што галасаванне будзе не за новага кандыдата, у дадзеным выпадку Святлану Ціханоўскую, а супраць яго. Любы кандыдат, які не выглядае як падстаўная фігура, можа сабраць вялізную колькасць галасоў. У гэтым плане параўноўваць Беларусь з Расіяй не выпадае, бо ніякіх пакуль прыкмет, што ў Расіі будзе нешта падобнае да беларускай сітуацыі ліпеня-жніўня сёлета, пакуль няма.

Што тычыцца супрацьстаяння на вуліцах, добра, што яно пакуль мірнае з боку пратэстоўцаў, што яны пакуль не даюць падставы для ўжывання агнястрэльнай зброі, для прымянення крайніх мер.

Але таксама відавочна, што гэта не можа працягвацца бясконца, таму што абсалютная колькасная перавага з аднаго боку рана ці позна прыводзіць да таго, што многія губляюць цярпенне. Мне здаецца, гэта пытанне недалёкага часу, калі працяг супрацьстаяння пры захаванні гэтых прапорцый прывядзе да таго, што людзі, якія выступаюць супраць Лукашэнкі, стануць значна больш агрэсіўнымі.