Янукевіч: Дамовіцца пра адзінага кандыдата амаль безнадзейна

Дасягненне згоды па абранні адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад апазіцыі на выбары 2015 года выглядае амаль безнадзейна, заявіў БелаПАН лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.



12072601.jpg

Тым не менш палітык "цвёрда перакананы", што альтэрнатывы абранню адзінага кандыдата ў апазіцыі няма. "Вядома, прысутнічае ўнутранае пачуццё незадаволенасці, прабуксоўкі і пэўнага хаджэння па кругу, што пачынае ўжо раздражняць. Але я ўсё адно застаюся цвёрдым прыхільнікам таго, каб старацца знайсці згоду і выставіць адзінага кандыдата", — сказаў ён. 


Паводле меркавання Янукевіча, тут гаворка ідзе нават не аб тым, як у цэлым апазіцыя выступіць на выбарах, ці зможа даць грамадству персанальную альтэрнатыву. "Гаворка ідзе аб тым, ці здолеем мы захаваць суб`ектнасць дэмакратычных сіл", — падкрэсліў ён. 


Пры гэтым Янукевіч лічыць, што ў найбліжэйшыя месяц-два наўрад ці будзе дасягнута згода, калі "не будуць выкарыстаныя новыя метады працы". "Я, напрыклад, выступаю, за тое, каб зрабіць нашы сустрэчы адкрытымі для прадстаўнікоў СМІ. Думаю, такі грамадскі націск мог бы пазітыўна паўплываць на тое, каб узровень адказнасці ў некаторых удзельнікаў працэсу павысіўся", — сказаў ён. 


Янукевіч адзначыў, што кангрэс дэмакратычных сіл не можа адбыцца, пакуль не будзе дасягнута дамоўленасць па працэдуры яго правядзення. "Ёсць прадчуванне, што асобныя ўдзельнікі працэсу не жадаюць, каб згода была дасягнута ў прынцыпе", — лічыць ён. 


Пры гэтым Янукевіч адзначыў, што гаварыць аб правядзенні кангрэса хоць бы вясной наступнага года ўжо не даводзіцца. "У лепшым выпадку, хоць аб`ектыўна гэта і позна, але ўсё ж лепш, чым ніколі, кангрэс можа адбыцца ў пачатку лета", — сказаў ён.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН