Ярмошына: Самая верагодная дата прэзідэнцкіх выбараў — 15 лістапада

Старшыня Цэнтравыбаркама кажа, што Аляксандр Лукашэнка папярэдне ўхваліў гэтую дату.



jarmo_1901.jpg

Фота — belarus.by

Самая верагодная дата прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі — 15 лістапада 2015 года. Пра гэта ў інтэрв'ю часопісу "Беларуская Думка" паведаміла старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына.

"На дадзены момант самая верагодная дата — 15 лістапада 2015 года. Гэта апошняя магчымая нядзеля для правядзення выбараў, бо ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь яны павінны адбыцца не пазней за два месяцы да заканчэння паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы (тэрмін заканчваецца 21 студзеня 2016 года). Гэтая дата даведзеная Цэнтральнай выбарчай камісіяй да ведама кіраўніка дзяржавы і папярэдне ўхваленая ім як самая верагодная", — паведаміла кіраўніца Цэнтравыбаркаму.

Па словах чыноўніцы, палітычным партыям і беспартыйным прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта варта арыентавацца на гэты тэрмін, перадае БЕЛТА.

Таксама яна дадала, што ў іншых дзяржавах выбары часцей за ўсё праводзяць у сакавіку і лістападзе. Ярмошына адзначыла, што ў гэтыя месяцы няма вялікіх рэлігійных і свецкіх святаў. Па-другое, гэтыя месяцы не супадаюць з сезонам адпачынкаў, вакацый і гэтак далей.

euroradio.by