Кампаніі "Гавары праўду" зноў адмовілі ў афіцыйнай рэгістрацыі

Міністэрства юстыцыі ў чацвёрты раз адмовіла кампаніі "Гавары праўду" ў афіцыйнай рэгістрацыі, паведаміў БелаПАН актывіст арганізацыі Сяргей Вазняк, які атрымаў афіцыйны адказ з ведамства.



karatk_dzm_245.jpg

Фота з сайта belapan.by
Паводле яго слоў, Мінюст палічыў, што асобныя дакументы, пададзеныя арганізацыяй, не адпавядаюць патрабаванням, прадугледжаным заканадаўствам. У прыватнасці на асобных дакументах адсутнічаў подпіс кіраўніка аб'яднання. 


Адзін з кіраўнікоў кампаніі Таццяна Караткевіч назвала БелаПАН рашэнне Мінюста "палітычна матываваным". Паводле яе слоў, адмова будзе абскарджаная ў Вярхоўным судзе, а ў лютым 2016 года адбудзецца яшчэ адна спроба рэгістрацыі. 


Устаноўчы сход "Гавары праўду" адбыўся 7 лістапада ў Мінску. На ім было прынятае рашэнне аб увядзенні інстытута двайнога лідарства ў арганізацыі. Пасаду старшыні — прадстаўнічую, звязаную з пытаннямі грамадска-палітычнага характару, — заняла кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2015 года Таццяна Караткевіч. Старшынёй рэспубліканскага савета аб'яднання, які займаецца арганізацыйна-юрыдычнымі пытаннямі, выбраны Андрэй Дзмітрыеў. 


Сярод асноўных задач аб'яднання: прапаганда дасягненняў Беларусі ў сацыяльнай і эканамічнай сферах, аналіз грамадскіх, сацыяльных і эканамічных праблем краіны і пошук шляхоў іх вырашэння, садзейнічанне станаўленню ў грамадстве прынцыпаў прававой дзяржавы, патрыятызму, сацыяльнай справядлівасці, законнасці і роўнасці. 


Гэта ўжо чацвёртая спроба кампаніі "Гавары праўду" афіцыйна зарэгістраваць арганізацыю. Папярэднія, зробленыя ў 2010, 2011 і 2013 гадах, былі няўдалымі. Паводле ацэнкі кіраўніцтва "Гавары праўду", усе адмовы ў рэгістрацыі былі юрыдычна не абгрунтаванымі і палітычна матываванымі.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН