Кампанія “Народны рэферэндум” да канца года плануе сабраць 100 тысяч подпісаў
Адзін з каардынатараў кампаніі “Народны рэферэндум”, першы намеснік старшыні Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч заявіў, што да канца году плануецца сабраць сто тысяч подпісаў грамадзян у падтрымку ініцыятывы.
На сёння, па яго словах, сабрана 70 тысяч. З іх 50 тысяч 2 кастрычніка, у першы дзень восеньскай сесіі Палаты прадстаўнікоў, былі перададзеныя дэпутатам парламента.
Подпісы суправадзіў зварот да кожнага з іх ініцыяваць правядзенне рэферэндуму па шасці пытаннях – ад сацыяльных да палітычных.
Пра план сабраць да канца 2014 году 100 тысяч подпісаў Юрась Губарэвіч заявіў сёння, 30 лістапада на грамадскіх слуханнях у Гродне, прысвечаных пытанню забеспячэння рэальнага нейтральнага статусу нашай краіны.
Па выніках слуханняў кампанія “Народны рэферэндум” перадасць падрыхтаваныя ваеннымі экспертамі рэкамендацыі па ўдасканаленні сістэмы нацыянальнай бяспекі ў адпаведныя ведамствы. Так, як былі перададзеныя прадстаўнікам органаў улады прапановы па рэформах у галінах адукацыі і медыцыны, складзеныя па выніках грамадскіх слуханняў па гэтых тэмах.
Ініцыятары “Народнага рэферэндуму” сустрэліся ўжо з 25 дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. “Мы працягнем ціск на дэпутатаў. Маем за мэту правесці сустрэчы з усімі, - заявіў Юрась Губарэвіч. – Разам з тым мы давядзём да выбарцаў, якую пазіцыю па пытанні ініцыявання рэферэндуму паводле волі народа заняў кожны “народны абраннік”.
Нагадаем, на “Народны рэферэндум” прапанаваныя такія шэсць пытанняў:
♦ Ці згодныя вы, што ў дзяржаўных установах адукацыі і аховы здароўя ўсе паслугі грамадзянам Беларусі павінны аказвацца бясплатна?
♦ Ці згодныя вы, што кіраўнікі выканкамаў гарадоў, раёнаў, абласцей павінны абірацца прамым галасаваннем грамадзян?
♦ Ці падтрымліваеце вы курс на эканамічную інтэграцыю, асацыяцыю і стварэнне бязвізавай прасторы з Еўрапейскім Саюзам?
♦ Ці згодныя вы, што дзеля забеспячэння нейтральнага статусу Беларусі ў краіне павінна быць забаронена размяшчэнне замежных вайсковых аб’ектаў, ядзернай зброі, а беларускія вайскоўцы не мусяць несці службу за мяжой?
♦ Ці згодныя вы, што адна і тая ж асоба не можа займаць пасаду прэзідэнта больш за два тэрміны?
♦ Ці згодныя вы, што грошы, атрыманыя ад запланаванай урадам прыватызацыі, у першую чаргу павінны пайсці на кампенсацыю ўкладаў, згубленых пад час дэвальвацыі-2011, і стварэнне працоўных месцаў?