Канферэнцыя рэфарматараў: Праграма пераўтварэнняў для Беларусі

17 красавіка ў Мінску адбудзецца міжнародная канферэнцыя “Праграма пераўтварэнняў для Беларусі: рэгіянальны досвед і выклікі”. Яна арганізуецца Рухам “За Свабоду” ў межах кампаніі “Народная праграма”.



ruch_za_svabodu.png

Удзел у канферэнцыі возьмуць як замежныя адмыслоўцы з досведам складання канцэпцый рэформаў і іх правядзення, так і беларускія эксперты ў розных галінах эканомікі.

Сярод выступоўцаў на канферэнцыі “Праграма пераўтварэнняў для Беларусі: рэгіянальны досвед і выклікі”:

Лешэк Бальцэровіч

Польскі эканаміст і палітык. Архітэктар эканамічных рэформаў у Польшчы напачатку 1990-х гадоў (так званая "шокавая тэрапія", або "План Бальцаровіча"). Займаў пасаду віцэ-прэм'ера на пачатку і пры канцы 1990-гадоў, кіраваў Нацыянальным банкам Польшчы ў 2000-х гадах.

Эрык Тэрк

Доктар эканамічных навук. Намеснік міністра эканомікі Эстоніі (1989–1992 гады), дырэктар Эстонскага інстытуту даследавання будучыні.

Ігар Барат

Журналіст і эканаміст. Упаўнаважаны ўраду Славакіі па пераходзе на еўра (2007–2009 гады). Прэс-сакратар Нацыянальнага банка Славакіі (2003–2007). Сябра Рады Паштовага банку.

Кястуціс Главяцкас

Доктар эканамічных навук, прафесар. Намеснік старшыні Камітэту па бюджэце і фінансах Сейму Літвы.

Беларускі бок прадставяць Станіслаў Багданкевіч, Сяргей Чалы, Аляксандр Чубрык, Міхал Залескі, Серж Наўродскі, Леанід Заіка, Алег Манаеў, Антон Болтачка ды іншыя эксперты. На канферэнцыю запрошаны прадстаўнікі Нацыянальнага банка Беларусі, Акадэміі навук, Міністэрстваў эканомікі і фінансаў.

“Праграма пераўтварэнняў для Беларусі: рэгіянальны досвед і выклікі” адбудзецца ў амбасадзе Велікабрытаніі ў Мінску.

“Народная праграма” — гэта кампанія Руху «За Свабоду» па выпрацоўцы канцэпцыі пераўтварэнняў у Беларусі з дапамогай экспертнага і шырокага грамадскага абмеркавання надзённых пытанняў развіцця краіны. Натуральна, рэфарматарскі досвед суседніх краін і дзяржаваў былога сацыялістычнага лагера тут надзвычай важны. На чужых памылках вучацца, як  вядома. Таму гэтая канферэнцыя будзе карыснай.

Напрацоўкі "Народнай праграмы" даступныя для выкарыстання любымі палітычнымі і грамадскімі сіламі. Гэта пазітыўная альтэрнатыва для нашай Беларусі. Яна тлумачыць людзям, што будзе ў розных галінах, калі настануць перамены: як зменіцца жыццё, што станецца з эканомікай”, — кажа лідар Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч.

Прэс-служба Руху “За Свабоду”