Каса на камень
Смеласць супраць досведу. Маладыя супраць аксакалаў. У апазіцыйных колах пакрысе набіраецца хваля «новых палітыкаў» пад патранажам Аляксандра Мілінкевіча.
Смеласць супраць досведу. Маладыя супраць аксакалаў. У апазіцыйных колах пакрысе набіраецца хваля «новых палітыкаў» пад патранажам Аляксандра Мілінкевіча.
Цяпер найбольш выразныя абрысы мае канфлікт паміж партыяй БНФ і Рухам «За свабоду». Апошняму закідваюцца абвінавачванні ў пераманьванні кадраў (у асноўным маладых) і лаяльнасці да
рэжыму. На днях 11 актывістаў БНФ, у тым ліку Уладзімір Арлоў, Пётр Садоўскі, Валянцін Голубеў, Аляксей Марачкін, Юры Хадыка, распаўсюдзілі сярод аднапартыйцаў ліст, у якім заклікаюць
«падтрымаць маральную нацыянальна-дэмакратычную пазіцыю» і «не паддавацца на ліслівыя намовы ідэолагаў «кіраванай апазіцыі».
У лісце недвухсэнсоўна гаворыцца, што «некаторыя дзеячы палітычнай сцэны Беларусі ўжо фактычна пайшлі па слізкай дарожцы прыслугоўвання ўладзе. Яны пачалі пераконваць міжнародную супольнасць
і беларускі народ, нібыта цяперашні рэжым стаў на шлях «лібералізацыі». У сувязі з гэтым актыў БНФ заклікае «не пагаджацца аддаваць Беларускі народны фронт палітычным
кан’юнктурнікам, рукамі якіх бліжэйшая прэзідэнцкая кампанія будзе выкарыстаная для легітымізацыі рэжыму А. Лукашэнкі. Партыя БНФ павінна імкнуцца вылучыць свайго кандыдата ў прэзідэнты і
дамаўляцца толькі з тымі незалежніцкімі сіламі, якія, як і мы, бачаць перспектыву Беларусі не ў перавыхаванні цяперашняга рэжыму, а ў яго сыходзе».
Кіраўніцтва Руху «За свабоду» на чарговы выпад у свой бок адрэагавала досыць спакойна, традыцыйна зазначыўшы: «Мы ўвесь час падкрэсліваем, што захоўваем прынцыповасць па
такіх пытаннях, як правы чалавека, палітычныя свабоды». Пры гэтым «засвабодаўцы» трымаюцца пазіцыі «нам надакучыла чакаць і плакаць, маем намер
дзейнічаць». У прыватнасці, Аляксандр Мілінкевіч не змяніў рашэння правесці свой еўрапейскі форум як мабілізуючае мерапрыемства для прыхільнікаў еўраінтэграцыі. У першым аргкамітэце форума
ўдзельнічалі прадстаўнікі арганізацый Рух «За Свабоду», «Малады фронт», БХД, «Права альянс», «Маладая Беларусь», МХСС
«Маладыя дэмакраты», актывісты рэгіянальных арганізацый. Беларускі еўрапейскі форум вырашана правесці ў сярэдзіне лістапада. На пасаду старшыні аргкамітэта аднагалосна абраны
Аляксандр Мілінкевіч. Склад аргкамітэта застаецца адкрытым. Да працы па арганізацыі форума могуць далучацца іншыя прадстаўнікі грамадскіх і палітычных структураў. Дарэчы, аргкамітэт форума прынцыпова
вырашыў не абіраць прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта на самім мерапрыемстве.
Пад эгідай Руху «За свабоду» актывісты з іншых палітычных і грамадскіх структур дзейнічаюць даўно. Уласна кажучы, Мілінкевіч менавіта гэтага і хацеў — шырокі грамадскі рух,
незалежна ад партыйнай прыналежнасці. Але падобная актыўнасць негатыўна ўспрымаецца кіраўніцтвам палітычных партый, і чым бліжэй да прэзідэнцкіх выбараў, тым больш нарастае канфрантацыя.
Ліст актыву БНФ ёсць адной з рэакцый на заяву шэрагу лідэраў моладзевых рухаў і арганізацый аб ухвале рашэння Еўрасаюзу ўлучыць Беларусь у праграму «Усходняга партнёрства» ў
цяперашніх умовах і падтрымцы «дзеянняў лідэра Руху «За Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча па наладжванні стасункаў Беларусі з Еўрапейскім саюзам дзеля ўмацавання незалежнасці
краіны на ўмовах дэмакратызацыі і павагі да правоў чалавека». Сярод падпісантаў гэтай заявы — Юрась Губарэвіч, Зміцер Дашкевіч, Алесь Лагвінец, Юрась Меляшкевіч, Алесь Міхалевіч,
Наста Палажанка, Сяргей Салаш, Павел Севярынец ды іншыя.
Фактычна перад кіраўніцтвам партыйных структур, хутка паўстане выбар: пагадзіцца з тым, што актывісты працуюць на «іншага дзядзьку» ці прымаць штрафныя санкцыі ў дачыненні да іх.
Але, улічваючы колькасць і якасць прыхільнікаў Руху «За свабоду», другі варыянт — толькі добрая глеба для далейшага супрацьстаяння і адчужэння людзей. Многія з маладых
прыхільнікаў Руху «За свабоду» ўдзельнічалі ў папярэдніх электаральных кампаніях. І, відавочна, свой цяперашні выбар зрабілі з разліку на мацнейшага і найбольш вядомага патэнцыйнага
кандыдата на пасаду прэзідэнта.
Дарэчы, партыя БНФ 20 чэрвеня рыхтуе партыйны сход, на якім будзе разглядацца пытанне супрацоўніцтва арганізацыі з Рухам «За свабоду».