
Паводле аператыўнай інфармацыі, найбольшая колькасць людзей прыняла ўдзел у суботніку ў Менску – амаль 700 тысячаў, У Гомельскай вобласці – 430 тысяч, Берасцейскай – 420 тысяч. Традыцыйна сталіца ў лідарах і па заробленых грошах – больш за 2,8 мільёнаў рублёў.
Згодна пастановы Саўміну, грашовыя сродкі, заробленыя ў дзень правядзення рэспубліканскага суботніка, у тым ліку на працоўных месцах, у абʼёмах, вызначаных добраахвотна працаўнікамі, у тым ліку тых, чыя дзейнасць не звязана з вытворчасцю прадукцыі, аказаннем платных паслуг, будуць пералічаныя праз раённыя і гарадскія выканкамы ў аблвыканкамы і Менскі гарвыканкам.
50 % грашовых сродкаў застаюцца ў распараджэнні аблвыканкамаў і Менскага гарвыканкаму. Яны будуць накіраваны на падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых летнікаў да летняга сезону, добраўпарадкаванне і прывядзенне ў належны стан населеных пунктаў, а таксама рамонт, рэканструкцыю, рэстаўрацыю, аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцяў, мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы часоў Другой Сусветнай вайны.
Астатнія 50 % пералічаць Міністэрству фінансаў. Гэтыя сродкі будуць накіраваны Менскаму гарвыканкаму на капітальны рамонт з мадэрнізацыяй помніка партызанам і воінам, якія загінулі ў гады вайны, з Вечным агнём і рытуальнай пляцоўкай (манумент Перамогі ў Менску) і рамонт падземнага пешаходнага пераходу (ніжняя рытуальная пляцоўка і службовыя памяшканні).