Круты разварот

У пакуль яшчэ кароткі курс беларускай лібералізацыі на днях была ўпісаная новая старонка, прычым старонка тэарэтычная. Ролю тэарэтыка ўзяў на сябе акадэмік Рубінаў. У артыкуле «Беларуская мадэль развіцця і сусветны крызіс», апублікаваным 11 сакавіка ў «СБ», ён змог сумясціць, здавалася б, несумяшчальнае: рэвізію асноў беларускай мадэлі з неабходнасцю працягнуць рух у адпаведнасці з «першапачаткова вызначаным курсам».

Мадэль



5ef698cd9fe650923ea331c15af3b160.jpg

У пакуль яшчэ кароткі курс беларускай лібералізацыі на днях была ўпісаная новая старонка, прычым старонка тэарэтычная. Ролю тэарэтыка ўзяў на сябе акадэмік Рубінаў. У артыкуле «Беларуская мадэль развіцця і сусветны крызіс», апублікаваным 11 сакавіка ў «СБ», ён змог сумясціць, здавалася б, несумяшчальнае: рэвізію асноў беларускай мадэлі з неабходнасцю працягнуць рух у адпаведнасці з «першапачаткова вызначаным курсам».
Мадэль
Акадэмік выказаў таксама шэраг арыгінальных ідэй пра прыроду сусветных крызісаў, чым, несумнеўна, пашырыў для чалавецтва гарызонт разумення глабальных падзей, якія разгортваюцца ў рэжыме «тут і цяпер».
Працытую ключавое выказванне: «Беларуская мадэль — гэта не мадэль ідэальнага дзяржаўнага ўладкавання, а мадэль менавіта развіцця, прычым толькі на пераходны перыяд». Адкуль жа і куды кліча нас гэты пераход? Вы не паверыце, на Захад, бо «мы бачым і прызнаем, што заходняя мадэль развіцця, дэмакратычнае ўладкаванне гэтых краін прывялі да значных дасягненняў у іх эканоміцы і забяспечылі дастаткова высокі ўзровень жыцця насельніцтва».
А зараз звернемся да першакрыніцы, да сакавіцкага даклада Лукашэнкі 2002 года, прысвечанага гэтай самай мадэлі. Ні пра які пераходны перыяд, зразумела, там і мовы няма. У якасці яе галоўнага распрацоўніка, як вядома, мусіў выступіць сам кіраўнік дзяржавы. Беларуская ж навука ў асобе сваіх шматлікіх акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў зрабіць прыкметны ўнёсак у гэту лёсавызначальную распрацоўку тады так і не здолела. У выніку мадэль была выбудавана ад жыцця, праўда, з улікам «эканамічных пераўтварэнняў і станаўлення рынкавай эканомікі ў Кітаі і Расіі».
І вось працэс сямігадовага асэнсавання досведу кітайскіх і расійскіх таварышаў развярнуў беларускую мадэль на 180 градусаў. Але наколькі сур’ёзна задэклараваны гэты разварот? Што тут ад цяперашняй крызіснай кан’юнктуры, а што ад рэальнага ўсведамлення неабходнасці змяніць геапалітычны вектар?
Паверыць у другі варыянт вельмі хочацца — але не атрымліваецца. І прычына тут простая: распрацоўка новага курсу заўсёды пачынаецца з «працы над памылкамі». А гэтага якраз і не назіраецца. Яшчэ ў 1996 годзе Лукашэнка дакладна вызначыў стратэгічны накірунак развіцця: «Я сваю дзяржаву за цывілізаваным светам не павяду». З тых часоў шмат вады сцякло, але асабіста мне не вядома ні аднаго выпадку, калі б кіраўнік дзяржавы адхіліўся ад зададзенага ім жа курсу.
Ёсць і дадатковая падстава для сумневаў. Здавалася б, са сцвярджэннем акадэміка наконт немагчымасці «аднамаментна скапіраваць» заходні досвед цяжка не пагадзіцца. І сапраўды: «Метады кіравання, традыцыі, псіхалогія людзей — усё гэта не паддаецца занадта хуткім зменам. Больш таго, спробы штучна паскорыць, падагнаць пераходныя працэсы прыводзяць да сумных наступстваў». Эвалюцыйны шлях развіцця, як вучыць гісторыя, у канчатковым выніку апынаецца эфектыўней за рэвалюцыйныя пераўтварэнні. Але з моманту першых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі мінула ўжо амаль 15 гадоў, і куды ж мы за гэты час даэвалюцыянавалі?


Вернемся ў год першых прэзідэнцкіх выбараў. Досведу ў беларусаў праводзіць дэмакратычныя, г. зн. канкурэнтныя выбары было тады няшмат, аднак задачу выканалі, і так паспяхова, што кандыдат ад улады прайграў паўсюдна. Па логіцы акадэміка, падчас наступнай эвалюцыі досвед 1994 года варта было б развіць. Яго і развілі. У 2006 годзе ў склад участковых выбарчых камісій быў уключаны толькі адзін прадстаўнік ад апазіцыйных партый. Без калькулятара і не падлічыш, які ж ён склаў працэнт ад 70 тысяч. Менавіта такая колькасць чальцоў участковых выбарчых камісій у Беларусі.
У любой краіне перад элітай, у тым ліку і палітычнай, у сацыялагічным сэнсе стаяць тры асноўныя задачы: сімвалічная (выпрацоўка агульных каштоўнасцяў), інтэграцыйная (падтрыманне агульных нормаў і правіл) і мэтавызначэнне (кіраванне). Акадэміку Рубінаву тут ёсць што сказаць. Звернемся да яго леташняга артыкула «Педагагічны сверб рэфарматарства»: «Усё гэта (поспехі за апошнія 14 гадоў) стала магчымым дзякуючы унікальнай асобе Прэзідэнта краіны, які аб’яднаў вакол сябе пераважную частку грамадства, паказаў простыя і ясныя шляхі нашага развіцця».
Іншымі словамі, паводле А. Рубінава, галоўным сімвалам беларусаў, галоўным інтэгратарам і галоўным спецыялістам у галіне мэтавызначэння выступае сам Лукашэнка, ён — «наша ўсё», а калі так, то нічога іншага беларуская палітычная эліта за гады незалежнасці прапанаваць грамадству не здолела. Такі яе сімвалічны, інтэграцыйны і кіраўнічы капітал, з якім яна збіраецца весці нас на Захад.
Ад Чэрчыля да сантэхніка
Зафіксаваўшы навізну ў разуменні прыроды беларускай мадэлі развіцця, пяройдзем да галоўнага — да яе антыкрызіснага рэсурсу. Не выклікае сумневы сцвярджэнне з нагоды недатычнасці Беларусі «да ўзнікнення фінансавага крызісу». Сапраўды, з гадавым ВУП у межах 60 мільярдаў долараў цяжка прэтэндаваць нават на ролю пешкі на сусветнай шахматнай дошцы. Для параўнання: ВУП ЗША — дзесьці каля 12 трыльёнаў, натуральна, долараў, а не прывязаных да нейкага міфічнага «кошыку валют» беларускіх рублёў.
А вось вера акадэміка ў тое, што «краіны з ліберальнай рынкавай эканомікай апынуліся больш за ўсё закранутыя дадзеным крызісам», выклікае жаданне з ім паспрачацца. Гэта па-першае. А па-другое, калі нават на хвіліну пагадзіцца з такім нечаканым сцвярджэннем, то незразумела, навошта тады Лукашэнка абвясціў курс на лібералізацыю, ды яшчэ ва ўмовах крызісу.
З дапамогай фармальнай логікі мне гэтага не зразумець, адмовіцца ж ад яе не хочацца. Калі прычыны нашых эканамічных праблем выключна знешнія і мы тут ні пры чым, то і нашы поспехі апошніх гадоў варта аднесці не на рахунак беларускай мадэлі развіцця, а на рахунак росту сусветнай эканомікі. У цяперашні ж момант нам, як камандзе парусніка, неабходна набрацца цярпення і чакаць, калі ж вецер сусветнага эканамічнага росту зноў напоўніць нашы ветразі.
Аднак з апошняй высновай акадэмік Рубінаў не згодны. Ён у чарговы раз спасылаецца на Лукашэнку, які нацэльвае нас «выйсці з крызісу яшчэ мацнейшымі і канкурэнтаздольнымі», і дамагчыся гэтага прапануе праз «паскоранае ўдасканаленне ўсяго нашага гаспадарчага механізму».
Такім чынам, мы сутыкаемся з чарговым лагічным недапасаваннем. Нагадаю, у пачатку свайго артыкула акадэмік адзначае істотныя эканамічныя дасягненні заходніх краін і звязвае іх з дэмакратыяй. У канцы ж артыкула ён нечакана прапаноўвае нам абмежавацца ўдасканаленнем гаспадарчага механізму, вінавацячы пры гэтым апазіцыю ў яе жаданні інтэнсіўна заняцца прыватызацыяй.
Не буду далей стамляць чытачоў сваім нібы неразуменнем прыроды адзначаных лагічных недапасаванняў. Гэта ў іх, на Захадзе, калі пачынаецца эканамічны крызіс, то эліты разам з грамадствам шукаюць выхад з яго ў першую чаргу праз палітычнае абнаўленне. Палітыкі, якія даказваюць, што яны ўсё рабілі правільна, і якія спрабуюць растлумачыць, што праблемы краіны выкліканы знешнімі фактарамі, не маюць шанцаў перамагчы на чарговых выбарах.
Усё заканамерна. Гістарычны досвед адназначна сведчыць, што той, хто знайшоў адказ на адзін тып выклікаў, не здольны адказаць на новыя. Таму рэальную змену курсу заўсёды рэалізуюць новыя каманды на чале з новымі лідэрамі. Дастаткова ўзгадаць Чэрчыля, дэ Голя і Тэтчэр. Дарэчы, менавіта гэтых асобаў Лукашэнка лічыць сваімі палітычнымі кумірамі.
Як гаварыў у свой час персанаж аднаго савецкага анекдота, сантэхнік па прафесіі: «Тут усю сістэму мяняць трэба». З гэтым цяжка не пагадзіцца. У краіне, дзе ўласнасць не аддзеленая ад улады, дзе адсутнічае незалежны суд, дзе эканамічныя рашэнні прымаюцца пад дыктоўку палітычнай мэтазгоднасці, а сутнасць гэтай мэтазгоднасці рэдукаваная да жадання адной пэўнай асобы захаваць сваю ўладу, чакаць спадарожнага ветру няма сэнсу.
І ў завяршэнне адна невялікая рэмарка. Якія б непрыемнасці не чакалі нас наперадзе, расплачвацца за іх давядзецца насельніцтву. Больш папросту няма каму. У сусветнай гісторыі так было заўсёды, выключэнні з гэтага правіла, на жаль, не вядомыя.
прызначэнне
Рубінаў будзе кантраляваць уступныя выпрабаванні

Віцэ-спікер Савета Рэспублікі Анатоль Рубінаў прызначаны старшынёй дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах.
Камісія створана ўказам прэзідэнта № 138 ад 17 сакавіка “Аб арганізацыі ўступнай кампаніі ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы ў 2009 годзе, паведаміла прэс-служба беларускага кіраўніка.
Дзяржкамісія заклікана “забяспечыць кантроль за ходам прыёмнай кампаніі, прадастаўленнем абітурыентам роўных магчымасцей пры паступленні ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, прымаць меры па ўстараненні выяўленых парушэнняў заканадаўства, а таксама ажыццяўляць прыём грамадзян і разгляд зваротаў абітурыентаў і іх бацькоў. Акрамя таго, дзяржкамісія кантралюе ход правядзення цэнтралізаванага тэставання.
У склад камісіі ўключаны кіраўнікі дзяржаўных органаў рознага ўзроўню, дэпутаты, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый.

БелаПАН