Лукашэнка не ўзгадніў з парламентам новага прэм'ер-міністра. Ён парушыў Канстытуцыю?

У абмеркаванні учорашніх прызначэнняў беларусы не адразу звярнулі ўвагу на адзін цікавы факт — Аляксандр Лукашэнка не ўзгадніў з Палатай прадстаўнікоў кандыдатуру новага прэм'ер-міністра. А павінен быў — гэта абвяшчае артыкул 84 Канстытуцыі Беларусі.

Фота: sputnik.by

Фота: sputnik.by

На гэты факт звярнуў увагу Дзяніс Ціханенка, памочнік дэпутата Ганны Канопацкой.
Ціханенка ўбачыў на сайце pravo.by публікацыю пра ўказ кіраўніка краіны, дзе напісана аб прызначэнні Румаса прэм'ер-міністрам «у адпаведнасці з пунктам 6 артыкула 84 Канстытуцыі». У гэтым пункце напісана, што кіраўнік Беларусі «са згоды Палаты прадстаўнікоў прызначае на пасаду прэм'ер-міністра». Але ніякага склікання пазачарговай сесіі не было, а многія дэпутаты цяпер у адпачынках.
Далей Ціханенка піша: «Каб гэты сур'ёзны залет схаваць, ва ўказе ёсць фармулёўка «з наступным узгадненнем яго [прэм'ера] прызначэння з Палатай прадстаўнікоў». Сапраўды, і нават былы суддзя Канстытуцыйнага суда Васілевіч гэта сцвярджае, не вызначана, калі павінна быць гэта ўзгадненне. Вось калі б у Канстытуцыі было "з папярэдняй згоды" тады так. А так, кіраўнік краіны нічога не парушае. Але! Глядзім артыкул 106 Канстытуцыі. Спачатку кіраўнік дзяржавы уносіць кандыдатуру прэм'ера на ўзгадненне ў Палату. Уносіць — гэта не прызначае. Затым у дэпутатаў ёсць 14 дзён, каб ўхваліць ці адхіліць кандыдатуру. І калі кандыдатура ўхваляецца, то толькі пасля таго прэм'ер прызначаецца».
Меркаванне, што да ўхвалення Палаты кіраўнік краіны прызначыў прэм'ера выконваючым абавязкі, па словах Дзяніса «трызненне». Кіраўнік дзяржавы можа гэта зрабіць толькі калі Палата двойчы адхіліла кандыдатуру прэм'ера. Па выніку: «кіраўнік краіны груба парушыў Канстытуцыю, прызначыўшы прэм'ер-міністра (а гэта другая асоба ў дзяржаве, між іншым) без узгаднення з дэпутатамі ніжняй палаты беларускага парламента. Прычым ужо не ў першы раз» — піша Ціханенка.

https://www.facebook.com/denis.tikhonenko/posts/475174346290768


Паводле kyky.org