Мінюстаўскае папярэджанне БХК засталося ў сіле

Вярхоўны суд Беларусі 12 сакавіка прыняў рашэнне адмовіць Рэспубліканскаму праваабарончаму грамадскаму аб’яднанню “Беларускі Хельсінкскі камітэт у задавальненні скаргі на папярэджанне Міністэрства юстыцыі. БХК збіраецца  абскарджваць гэтае рашэнне суддзі ВС Галіны Жукоўскай. (На здымку: злева направа:Валянцін Стэфановіч, Алег Гулак. Фота аўтара)



74d90aafda34e6060f9e8433962d14fd.jpg

Вярхоўны суд Беларусі 12 сакавіка прыняў рашэнне адмовіць Рэспубліканскаму праваабарончаму грамадскаму аб’яднанню “Беларускі Хельсінкскі камітэт у задавальненні скаргі на папярэджанне Міністэрства юстыцыі. БХК збіраецца  абскарджваць гэтае рашэнне суддзі ВС Галіны Жукоўскай.

(На здымку: злева направа:Валянцін Стэфановіч, Алег Гулак. Фота аўтара)


Мінюст вынес афіцыйнае папярэджанне гэтай правабарончай арганізацыі роўна два месяцы таму, 12 студзеня. Прычынаю сталася інфармацыя БХК, накіраваная на адрас спецдакладчыка ААН па пытаннях незалежнасці суддзяў і адвакатаў Габрыэла Кнауля пра факты ціску з боку ўладаў на адвакатаў, якія абараняюць людзей, што праходзяць па крымінальнай справе аб “масавых беспарадках, якія нібыта мелі месца ў Мінску ўвечары 19 снежня 2010 году.
Міністэрства юстыцыі ўгледзела ў інфарміраванні спецдакладчыка ААН “парушэнне заканадаўства аб грамадскіх аб’яднаннях, сродках масавай інфармацыі, распаўсюджванне недакладнай інфармацыі, якая дыскрэдытуе праваахоўныя органы і органы юстыцыі рэспублікі, уласны статут арганізацыі.
Яшчэ ў першы дзень судовага паседжання, якое адбылорся 11 сакавіка, старшыня БХК Алег Гулак заявіў, што ўсе факты, выкладзеныя ў лісце спецдакладчыку ААН, насамрэч мелі месца. Напрыклад, абаронцы фігурантаў згаданай вышэй крымінальнай справы доўгі час (у некаторых выпадках больш за два месяцы – заўвага Г.К.) не маглі сустрэцца са сваімі мандантамі, чым парушалася права на абарону абвінавачаных, а таксама правы адвакатаў. Па словах праваабаронцы, не можа весціся гаворкі і аб распаўсюджванні недакладнай інфармацыі, “якая дыскрэдытуе праваахоўныя органы і органы юстыцыі рэспублікі.
Ад імя Міністэрства юстыцыі на судовым паседжанні выступаў Аляксанндр Харытон, які не пагадзіўся са старшынём БХК. Па словах Харытона, у працэсе не было прыведзена ніводнага доказу таго, што Мінюст пры вынясенні папярэджання не меў рацыю, маўляў, БХК  не прывёў ніякіх доказаў ціску на адвакатаў.
У выніку суддзя Вярхоўнага суда Галіна Жукоўская ў сваім рашэнні прызнала папярэджанне, вынесенае Беларускаму Хельсінскаму камітэту, правамоцным і пастанавіла пакінуць яго ў сіле.
“Мы не можам пагадзіцца з тым, што рашэнне Вярхоўнага суда законнае і абгрунтаванае, - адзначыў у інтэрв’ю “НЧ Алег Гулак. – У гэтым рашэнні, якое складаецца толькі з двух абзацаў, абгрунтаванне выглядае такім чынам: суд пры разглядзе скаргі ацаніў прадстаўленыя Міністэрствам юстыцыі доказы і знаходзіць, што інфармацыя ў звароце на адрас спецдакладчыка ААН не з’яўляецца дастатковай і поўнай. І больш нічога. Хіба гэта абгрунтаванне? Па-другое, калі такі падыход будзе панаваць у дзейнасці дзяржслужбаў, калі яны ацэньваюць дзейнасць недзяржаўных структур, то атрымліваецца, што нельга распаўсюджваць увогуле ніякай інфармацыі. Бо, калі Мінюст лічыць, што неўказанне прозвішчаў тых сямісот чалавек, якія былі затрыманыя 19 снежня, сведчыць аб няпоўнасці інфармацыі, то што, трэба ўказаць прозвішчы? Добра, укажам, а потым высветліцца, што трэба яшчэ ўказаць і імёны ды імёны па бацьку, а потым яшчэ і нумары пашпартоў, а потым яшчэ штосьці. Дык дзе ж мяжа гэтае дастатковасці? Нажаль, Вярхоўны суд у сваім рашэнні нічога пра гэта не гаворыць, таму з такім падыходам, безумоўна, нельга пагадзіцца. 
Па словах Алега Гулака, у БХК застаецца магчымасць абскардзіць суботняе рашэнне ВС у парадку нагляду, затым будуць звароты ў міжнародныя структуры. Старшыня Беларускага Хельсінскага камітэту спадзяецца, што гэтае пытанне будзе разгледжана і Венецыянскай камісіяй.
Дарэчы, яшчэ адно папярэджанне цягам году можа пацягнуць зліквідаванне гэтай праваабарончай арганізацыі.