Мадура паабяцаў вызваліць лідэра апазіцыі Венесуэлы ў абмен на актывіста з Пуэрта-Рыка

Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура паабяцаў выпусціць з турмы лідэра венесуэльскай апазіцыі Леапольда Лопеса ў абмен на вызваленне ў ЗША змагара за незалежнасць Пуэрта-Рыка Оскара Лопеса Рыверы. З адпаведнай заявай венесуэльскі лідэр выступіў у нядзелю.



duryk.jpg

«Адзіны спосаб выкарыстоўваць (прэзідэнцкія) паўнамоцтвы — гэта пасадзіць (Лопеса) на самалёт, каб ён мог адправіцца ў ЗША і застацца там, — сказаў Мадура. — І яны аддадуць мне Оскара Лопеса Рыверу — чалавека за чалавека», — паведамляе ІТАР-ТАСС
У сярэдзіне лютага 2014 улады Венесуэлы выдалі ордэр на арышт лідэра венесуэльскай апазіцыйнай партыі «Народная воля» Леапольда Лопеса, абвінаваціўшы яго ў арганізацыі беспарадкаў. 12 лютага ў сталіцы і буйных гарадах краіны прайшлі тады маніфестацыі моладзі. У выніку сутыкненняў пратэстоўцаў з супрацоўнікамі праваахоўных органаў у той дзень тры чалавекі загінулі, дзясяткі атрымалі раненні.
18 лютага Лопес здаўся супрацоўнікам Нацыянальнай гвардыі. У пачатку красавіка генэральная пракуратура краіны прад’явіла яму абвінавачванні па чатырох артыкулах крымінальнага кодэксу. Гаворка ішла пра заклікі да грамадзянскага непадпарадкавання, стварэнні злачыннай арганізацыі, нанясенні шкоды чужой маёмасці і падпале.
Оскар Лопес Рывера быў асуджаны ўладамі ЗША ў 1981 годзе за ўдзел у падрыўной змове з мэтай дамагчыся незалежнасці Пуэрта-Рыка, якая мае статус «свабоднай дзяржавы, што далучылася да Злучаных Штатаў Амэрыкі» з правамі самакіравання. А таксама за выкарыстанне сілы з мэтай здзяйснення рабавання, кантрабанду агнястрэльнай зброі і змову з мэтай транспарціроўкі выбуховых рэчываў з намерам знішчыць дзяржаўную ўласнасць. У 1999 годзе ён адхіліў прапанову Біла Клінтана аб датэрміновым памілаванні.