Мінюст вынес папярэджанні палітычным партыям, але не сказаў якім

Міністэрства юстыцыі вынесла папярэджанні некаторым палітычным партыям, паведамляе прэс-служба ведамства.

minyust.jpg


У рэлізе гаворыцца, што Мінюст 7 і 8 кастрычніка накіраваў партыям ліста аб прадстаўленні інфармацыі і дакументаў адносна персанальнай колькасці палітычнай партыі, колькасці арганізацыйных структур палітычнай партыі і колькасці чальцоў, якія знаходзяцца ў іх, а таксама інфармацыі аб органах арганізацыйных структур палітычнай партыі, перадае REFORM.by.

Шэраг партый такую інфармацыю далі. Некаторыя партыі адмовіліся выканаць патрабаванне Мінюста, з-за чаго ім вынесеныя пісьмовыя папярэджанні. Міністэрства таксама заяўляе пра гатоўнасць прымяніць іншыя меры адказнасці ў дачыненні да палітычных партый, якія адмовіліся прадстаўляць інфармацыю,

Мінюст не паведамляе, якім менавіта партыям вынесенае папярэджанне. Аднак у канцы кастрычніка пяць палітычных партый публічна адмовіліся прадстаўляць інфармацыю па запыце ведамства, аргументуючы сваю пазіцыю незаконнасцю гэтых патрабаванняў і асцярогамі з нагоды пераследу іх чальцоў. Пра такое рашэнне заяўлялі Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Партыя БНФ, партыя левых «Справядлівы свет», Аб’яднаная грамадзянская партыя і партыя «Зялёныя». Вядома, што «Зялёным» папярэджанне выносілася яшчэ ў сярэдзіне кастрычніка.

Якія партыі перадалі запытаную інфармацыю, Мінюст таксама не паведамляе. Вядома, што ЛДП здала ўсе дакументы, аб чым пісаў яе лідар Алег Гайдукевіч.

Нагадаем, 16 верасня Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад Мінюста правесці перарэгістрацыю палітычных партый.

«Але мы ж разумеем, што гэта не Партыі. Калі 10 з іх адхіліліся ад сваіх статутаў, задач і патрабуюць новых выбараў. Даручаю міністру юстыцыі старанна паглядзець на ўсе партыі — ці адпавядаюць яны патрабаванням па колькасці, структуры, працуюць па свайму статуту. Трэба правесці іх перарэгістрацыю», — сказаў ён тады.