Мітынг «За Свабоду слова і годнае жыццё» ў Слуцку забаронены

Слуцкі райвыканкам не даў дазволу на правядзенне мітынгу «За Свабоду слова і годнае жыццё», заяўку на які даслалі сябры Руху «За Свабоду».

sluck_6.jpg

«Слуцкі раённы выканаўчы камітэт забараняе правядзенне мітынгу „За Свабоду слова і годнае жыццё“ 7 траўня з 14 да 15 гадзінаў у гарадскім парку культуры і адпачынку», — зачытала адказ райвыканкама заяўніку супрацоўніца ўстановы.
Па яе словах, там запланаваныя мерапрыемствы: з 12 да 15 канцэрт дзіцячых калектываў, з 15 да 18 танцэвальны марафон «У стылі рэтра».
Адказ, па словах супрацоўніцы райвыканкаму, быў адпраўлены 28 красавіка, але пакуль не паступіў заяўніку.
«Гэта абсалютна прадказальны і чакаемы адказ», — адрэагаваў на забарону абласны каардынатар Руху «За Свабоду» Віталь Амяльковіч.
Ён прыгадаў, што і раней казаў пра тое, што ў мясцовых уладаў знойдзецца нагода, каб забараніць мітынг з дапамогай «запланаванага раптам мерапрыемства». «Прычынай гэтаму стала тое, што сёння ўлада баіцца, каб пратэсты не выліліся на вуліцу, таксама трэба ўлічваць хранічную паранаідальнасць мясцовых ідэолагаў, якія баяцца любога непраўладнага мерапрыемства. Толькі б з гэтага абы чаго не выйшла», — адзначыў Амяльковіч.
Ён звярнуў увагу на тое, як у Беларусі паважаюцца правы грамадзянаў. «Мы падавалі заяўку на 1 гадзіну, але ў мясцовых уладаў не хапіла розуму, жадання і сумлення, каб прапанаваць альтэрнатыву. Прасцей забараніць і ўсё. А як з рэалізацыяй права на мірныя сходы, на выказванне сваёй думкі, меркавання? Што рабіць з правамі тых людзей, якія збіраліся на законных падставах прыйсці на акцыю?» — запытаўся каардынатар Руху «За Свабоду» ў Мінскай вобласці.
Па ягоных словах, заклікаць на несанкцыяваны мітынг арганізатары, улічваючы апошнія рэпрэсіі супраць удзельнікаў мірных акцыяў, не плануюць. «Але правы ў людзей на свабоду выказвання свайго меркавання, на мірныя сходы застаюцца, гэта гарантавана і Канстытуцыяй, і абавязальніцтвамі Рэспублікі Беларусь па міжнародных дамовах. Жыхары Слуцка могуць гэтымі правамі скарыстацца», — заключыў Віталь Амяльковіч.
«Можна зразумець, што райвыканкам запланаваў на выходны дзень шэраг мерапрыемстваў у парку. Здзіўляе, што заяўнікі мітынгу на спецыяльна адведзеным для гэтага ўладамі месцы не атрымалі альтэрнатывы. Напрыклад, у той жа дзень пасля 18», — адзначыла заяўніца мерапрыемства, сябра Рады Руху «За Свабоду» Вольга Быкоўская.
Яна плануе звярнуцца ў Слуцкі райвыканкам з просьбай азнаёміцца з планам мерапрыемстваў і паспрабаваць абраць яшчэ адну дату для мітынгу. «Які б дзень мы не абралі для наступнай акцыі, відавочна, што да яго не знікнуць тыя праблемы, якія мы планавалі падняць на акцыі: у беларусаў не стане болей свабоды слова, ці не палепшыцца узровень жыцця, не палепшыцца і экалагічная абстаноўка ў рэгіёне», — падкрэсліла Вольга.
Паводле pyx.by