На Статкевіча і Троцкага склалі пратаколы за ўскладанне кветак на Вайсковых могілках у Мінску
Днём 8 траўня лідар «Народнай грамады» Мікола Статкевіч і дзясятак ягоных паплечнікаў на Вайсковых могілках у Мінску ўсклалі кветкі да магілаў салдатаў, загінулых у час Другой сусветнай вайны. Гэта расцанілі як «несанкцыянаванае мерапрыемства», паведамляе «Свабода».
На пікеце «кандыдатаў пратэсту» 24 траўня Мікола
Статкевіч расказаў, што такое «мерапрыемства» — ускладанне кветак на Вайсковых
могілках — ладзіць 8 траўня штогод ад 1992-га. І толькі сёлета яго за гэта
«робяць злачынцам». Звярнуўшыся да работнікаў Савецкага РУУС, ён казаў: «Вы робіце нас злачынцамі за тое, што мы
паклалі кветкі туды, дзе, можа быць, ляжаць вашыя дзяды».
Як расказаў «Свабодзе» Статкевіч, ён ведае, што прыслалі позву ў суд яшчэ прынамсі аднаму ўдзельніку ўскладання кветак — Валянціну Троцкаму. На думку Статкевіча, Троцкага вызначылі па пазнавальнай барадзе, а віна яго толькі ў тым, што ён «прыйшоў з кветкамі, пастаяў і хвіліну памаўчаў».
Статкевіч адзначыў, што 8 траўня на Вайсковыя могілкі мала хто пайшоў — на ўскладанне кветак не рабілі актыўных заклікаў, бо перад прэзідэнцкімі выбарамі ўлады могуць «шукаць нагоды для арыштаў».
Пры тым пікеты «кандыдатаў пратэсту» Статкевіч лічыць бяспечным варыянтам «мітынгаў, на якіх можна паказаць, што людзей дастала», і ён збіраецца далей заклікаць на іх — у гэтую нядзелю апоўдні выставіць пікеты «кандыдатаў пратэсту» на тым жа месцы ў Мінску, а таксама ў абласных цэнтрах.