Навошта Лукашэнка лятаў у Кіеў

Візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў асвятляўся досыць шырока і ў той жа час скупа.



lu_i_po1.jpg

Заявы, зробленыя кіраўнікамі Беларусі і Украіны ў ходзе нядзельнай сустрэчы, распаўсюджваліся даволі ахвотна. Аднак, калі адкінуць узаемныя расшаркванні, то пытанне «Навошта Лукашэнка лятаў у Кіеў?» застаецца без адказу з боку афіцыйных крыніц.
У сухім астатку толькі вельмі папярэдняя дамоўленасць па інфармацыйным супрацоўніцтве. Прычым бакі яе трактуюць па-рознаму. Сайт Аляксандра Лукашэнкі паведамляе, што кіраўнікі дзяржаў дамовіліся аб стварэнні ў Беларусі сумеснага з Украінай тэлеканала. А інтэрнэт-прадстаўніцтва Пятра Парашэнкі сцвярджае, што гаворка ідзе пра вяшчанне аднаго з украінскіх тэлеканалаў на тэрыторыі Беларусі.
Паспрабуем усё ж такі разабрацца ў тым, што адбылося. Пракрамлёўскія крыніцы вылучаюць версію, што Аляксандр Лукашэнка ў ходзе візіту выконваў ролю пасярэдніка паміж Уладзімірам Пуціным і Пятром Парашэнкам. Аднак нават калі гэта мела месца быць, то ўжо сапраўды не з'яўлялася галоўнай мэтай кіраўніка Беларусі. Хутчэй, сродкам для дасягнення мэты.
23 снежня ў Маскве павінен адбыцца саміт краін Еўразійскага эканамічнага саюза. А напярэдадні беларускія ўлады асабліва гучна загаласілі пра страты, якія краіна нясе з-за Расіі. Мала таго, паміж саюзнікамі здарылася чарговая гандлёвая вайна, падчас якой былі часова заблакаваныя пастаўкі мясной прадукцыі з Беларусі ў Расію. Аляксандр Лукашэнка назваў гэта «дурной, бязмозглай палітыкай».
На гэтым фоне асабліва кантрасна выглядала ветласць кіраўніка Беларусі падчас візіту ва Украіну. «Трэба будзе ад Беларусі нешта — скажы, мы табе за суткі ўсё зробім, што ты папросіш», — заявіў Лукашэнка ў гутарцы з Парашэнкам.
Хутчэй за ўсё, кіеўскі ваяж спатрэбіўся кіраўніку Беларусі ў якасці дадатковага аргументу на маючых адбыцца перамовах у Маскве. Беларуская эканоміка мае вострую патрэбу ў новых фінансавых ін'екцыях. Каб выбіць з Крамля новыя прэферэнцыі, Лукашэнка наглядна дэманструе сваю асаблівую пазіцыю. Цяпер, калі расійскае кіраўніцтва, да прыкладу, хоча, каб з Еўразійскім саюзам не ўзнікала праблем, трэба заплаціць за гэта зноў. А то ж ёсць альтэрнатыўныя варыянты. Вось, дарэчы, Парашэнка прапанаваў паспрыяць развіццю адносін Беларусі ў рамках Усходняга партнёрства...
Таму візіт у Кіеў — гэта, хутчэй за ўсё, проста павышэнне ставак напярэдадні чарговага гандлю з Уладзімірам Пуціным. Лаяльнасць Аляксандра Лукашэнкі з кожным днём абыходзіцца Расіі ўсё даражэй.
Міхаіл Брошын, gazetaby.com