Офіс Ціханоўскай дабіваецца легалізацыі беларусаў ва Украіне

Прадстаўнік Офіса Ціханоўскай па міжнародных справах Валер Кавалеўскі наведаў Кіеў і расказаў пра спробы вырашыцьпраблемы беларусаў ва Украіне.

Валер Кавалеўскі

Валер Кавалеўскі


Прадстаўнік Офіса Ціханоўскай Валер Кавалеўскі сустрэўся з кіраўніцтвам Нацыянальнага банка Украіны, дзе ўзняў пытанне замарожаных банкаўскіх рахункаў беларусаў. Цэлую групу беларусаў ужо вызвалілі ад абмежаванняў. Праблема яшчэ не вырашаная цалкам, але ёсць пэўны прагрэс, кажуць у Офісе.
Таксама Кавалеўскі сустрэўся з кіраўніком камітэта правоў чалавека Вярхоўнай Рады, каб абмеркаваць немагчымасць беларусаў працягнуць ВНЖ ва Украіне. Дэпутат паабяцаў задзейнічаць розныя механізмы, каб вырашыць гэтае пытанне.
«Праблема складаная, але з боку заканадаўцаў і выканаўчай улады ёсць жаданне яе вырашыць», — адзначыў Валер Кавалеўскі.
Абмяркоўвалі і ролю Аляксандра Лукашэнкі ў расійскай вайне супраць Украіны і тое, што ён не можа быць аніякай альтэрнатывай для ўкраінскай улады пасля заканчэння вайны.
Пасля падзей жніўня-2020 тысячы беларусаў выехалі ва Украіну ў пошуках прытулку. Вярхоўная Рада дазволіла грамадзянам Беларусі 180 дзён заставацца на тэрыторыі краіны. Пасля 24 лютага нашы грамадзяне сутыкнуліся з шэрагам праблем праз тое, што беларуская ўлада стала суагрэсарам у нападзе Расіі на Украіну.