Пад узмоцнены кантроль

У тых, хто спадзяваўся на «рыначніка» Румаса як прэм’ера, павінны былі знікнуць усе ілюзіі. Нарада Саўміна на мінулым тыдні, падаецца, пахавала ўсе развагі пра «новую плынь» у эканоміцы.

ni96.jpg

У прынцыпе, у нас усё нармальна. Рост ВУП, які склаўся па выніках студзеня-верасня на ўзроўні 3,7%, прафіцыт рэспубліканскага бюджэту ў памеры 3,38 мільярда рублёў (3,8% да ВУП) дазволілі Беларусі гарантавана забяспечыць выкананне сваіх знешніх пазыковых абавязацельстваў. Экспарт тавараў і паслуг у студзені-жніўні павялічыўся на 18,3% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Рост паставак назіраецца па ўсіх групах тавараў. Сальда знешняга гандлю станоўчае — плюс 580 мільёнаў долараў. Але гэты паказчык на 210 мільёнаў долараў менш, чым за студзень-жнівень мінулага года. У цэлым па выніках студзеня-верасня найважнейшыя эканамічныя паказчыкі знаходзяцца ў рамках прагнозных значэнняў. Тэмп эканамічнага росту за гэты перыяд склаў 103,7% пры прагнозе 103,3% і гэтак далей. Пра ўсё гэта распавядаў Румас.

Аднак ён звярнуў увагу, што да завяршэння каляндарнага года засталося два месяцы. «Патрабуецца прыняцце аператыўных захадаў, каб актывізаваць развіццё эканомікі, не парушаючы яе збалансаванасці». «Стаіць задача да канца года як мінімум утрымаць станоўчыя тэндэнцыі, якія склаліся ў эканоміцы. Ад гэтага залежыць выкананне пяцігодкі. Прашу сканцэнтравацца на канкрэтных захадах, якія дазволяць забяспечыць выкананне задач у бягучым годзе», — сказаў прэм’ер, звяртаючыся да чальцоў урада.

Найперш гэта тычыцца росту цэнаў. У верасні працэс набраў хуткасць і дасягнуў з пачатку года 3,7%, што на 1% больш, чым за такі ж перыяд мінулага года. «Інфляцыя знаходзіцца ў зададзеных параметрах. У верасні адбыўся рэзкі рост на 0,8%, да канца года яшчэ два месяцы. Прашу міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю, усіх кіраўнікоў узяць пад узмоцнены кантроль сітуацыю з цэнамі», — сказаў кіраўнік урада.

У выніку ўзнікае ўражанне, што ад «рыначніка» Румаса не засталося нічога. «Сканцэнтравацца», «узяць пад узмоцнены кантроль», «прыняць аператыўныя захады» — гэта мы чуем, збольшага, ад Аляксандра Лукашэнкі. І ўсё гэта — з разраду ручнога кіравання эканомікай. Але справа ў тым, што ў нармальнай эканоміцы нічога не трэба браць пад «узмоцнены кантроль», і не трэба ніякіх «аператыўных захадаў».

Ніхто не сумняваецца ў тым, што дзяржава павінна рэгуляваць сітуацыю ў краіне. Але рэгуляваць і кіраваць — рэчы розныя.

Я ўвогуле думаю, што некаторыя чыноўнікі ў дзяржаве дзейнічаюць з прынцыпу «чым горш — тым лепш». Напрыклад, з 1 лістапада павышаюцца пенсіі. Яны павышаюцца (афіцыйна) з-за «павышэння агульнага заробку па краіне». Але павышэнне заробку было толькі прагназаванае — па планах урада, у верасні заробак павінен быў перавысіць 1000 рублёў, і таму была думка з гэтай нагоды павысіць пенсіі. Але заробак не вырас, а (сабака такая!) зваліўся. Пры гэтым падняцце пенсій ніхто не адмяніў. Крок, можа, і добры, але далёка не рынкавы.

Цяпер міністр эканомікі Дзмітрый Круты (з таго самага ўраду Румаса) кажа, што ў 2019 годзе сярэдні заробак у Беларусі павінен скласці 1025 рублёў, а ў снежні 2019-га — 1100 рублёў. Чыноўнік дадаў, што заробак работнікаў бюджэтнай сферы, згодна з праграмай урада, павінен складаць не менш за 80% ад сярэдняга па краіне.

З аднаго боку, Румас змагаецца з інфляцыяй шляхам адміністрацыйнага ціску («узяць пад узмоцнены кантроль сітуацыю з цэнамі»), а з іншага — Круты кажа пра павышэнне заробкаў, што немажліва без інфляцыі. Немажліва — таму што ані Румас, ані Круты не кажуць ні пра прадукцыйнасць працы, ні пра аб’ёмы вытворчасці, ні пра экспарт, ні пра інвестыцыі… То бок, не кажуць пра даходы, якія б дазволілі эканамічна стрымаць інфляцыю і павысіць заробак.

Але ў нас шмат падобных ініцыятыў. Напрыклад, Беларуская рэспубліканская калегія адвакатаў і грамадскі савет пры Міністэрстве ўнутраных спраў спрабуюць забараніць фотаздымкі на вуліцах. Не верыце? Але так яно і ёсць. Гэтыя арганізацыі звярнуліся ў Канстытуцыйны суд. Яны лічаць непрымальнай сітуацыю, калі кожны чалавек мае права здымаць на фота і відэа любога іншага чалавека, які знаходзіцца ў публічнай прасторы, — на вуліцы, у транспарце, на масавай акцыі. Адвакаты лічаць, што публікацыя ў інтэрнэце такіх фота і відэа спалучана «з парушэннем правоў і законных інтарэсаў» грамадзян. Паводле іх трактоўкі, «выкарыстанне выявы грамадзяніна без яго згоды з’яўляецца ўварваннем у яго прыватнае жыццё, а таксама парушэннем права на асабістую таямніцу».

То бок, вы сфатаграфавалі натоўп — і вы ўжо злачынца. Вам трэба было ўзяць дазвол у кожнага з пары тысяч чалавек на публікацыю здымка ў Інстаграм. А грамадскі савет пры МУС дадае яшчэ адну праблему — маўляў, хто заўгодна фатаграфуе супрацоўнікаў міліцыі пры выкананні імі службовых абавязкаў.

Выбачайце, калі міліцыянт саромеецца, што ён міліцыянт, і лічыць ганебным фатаграфавацца ў форме — гэта кажа пра міліцыю больш, чым усе сацыялагічныя апытанкі і сведчанні «высокага даверу грамадзян да міліцыі», размешчаныя на сайце МУС.

Што адказаў заяўнікам Канстытуцыйны суд? «Вы з глузду з’езхалі?». Не, ён прызнаў, што пытанне не ўрэгуляванае належным чынам, і прапануе ўраду падрыхтаваць адпаведны законапраект.

Але ў мяне пытанне. Што мы будзем рабіць з сістэмай відэаназірання, якую, паводле хадайніцтва таго ж МУС, мы стварылі ў краіне? Гэта таксама здымкі, таксама «выкарыстанне выявы грамадзяніна без яго згоды». Мы спачатку выдаткавалі мільёны долараў на гэтую сістэму, а зараз выдаткуем яшчэ мільёны на яе дэмантаж?

З гэтай нагоды… Самым забаўным эпізодам тыдня стаў выпадак, калі начальнік Светлагорскага райаддзела ўнутраных спраў Васіль Гапоненка па плане выйшаў на дзяжурства і спыніў машыну начальніка мясцовага ЛПП — лячэбна-працоўнага прафілакторыя, у якім праходзяць прымусовае лячэнне алказалежныя людзі. Начальнік ЛПП знаходзіўся за рулём п’яны. Такая вось іронія лёсу. У дадзены момант па гэтым факце праводзяцца разнастайныя праверкі. Але сітуацыя стала галоснай нават без здымкаў.

Адразу згадваецца анекдот, як дзіцё патаемна зазірае ў пакой бацькоў і кажа: «І гэтыя людзі забараняюць мне калупацца пальцам у носе?»