Пасол Беларусі ў Іспаніі заявіў, што ў Беларусі склалася непрымальная сітуацыя
Амбасадар Беларусі ў Іспаніі Павел Пуставой звярнуўся да суродзічаў з заклікам «у спакойных і мірных абставінах абмеркаваць усе праблемы, якія хвалююць людзей», паведамляе «Радыё Свабода».
![Здымак ctv.by Здымак ctv.by](/img/v1/images/images_91.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Здымак ctv.by
Адносячыся да падзеяў у Беларусі, Пуставой адзначыў, што «такая сітуацыя непрымальная ў еўрапейскай дзяржаве ХХІ стагоддзя».
Паводле амбасадара, каб мірна вырашыць гэтую сітуацыю, трэба, па-першае, правесці перападлік вынікаў галасавання.
Па-другое, дадаў ён, неабходна правесці «адкрытыя судовыя пасяджэнні» ў адносінах да тых, хто: збіваў мірных дэманстрантаў; правакаваў да жорсткасці сілавікоў, першымі нападаючы камянямі і арматурай; затрымліваў без падставы і здзекаваўся над затрыманымі; здзяйсняў аўтамабільныя наезды на прадстаўнікоў міліцыі; пагражаў блізкім і сваякам удзельнікаў падзей.