Пасольства Украіны ў Беларусі часова ўзначальвае Валер Джыгун

Пасольства Украіны ў Беларусі чакае прызначэння часовага паверанага, функцыі якога на дадзены момант выконвае саветнік-пасланнік Валер Джыгун. Міхаіл Ежаль ўжо спыніў сваю дыпламатычную місію. 15 мая — яго апошні дзень у пасольстве.



belukr.jpg

Нагадаем, 11 мая прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка падпісаў указ аб звальненні Ежаля з пасады надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Украіны ў Беларусі.

Пра сваё рашэнне адклікаць пасла ў Беларусі Парашэнка заявіў 25 красавіка. «Пасол прадстаўляе дзяржаву Украіна. Мною прынята рашэнне аб яго адклiканнi, і цяпер афармляюцца адпаведныя дакументы для прадстаўлення новага агрэмана (пасла)», — заявіў Парашэнка. Паводле яго слоў, у фармаце мінскіх дамоўленасцей сталіца Беларусі грае важную ролю ў рэалізацыі знешняй абароннай палітыкі і палітыкі бяспекі. «Я павінен улічваць гэтую ролю для таго, каб забяспечваць пастаянную прысутнасць Украіны ў Мінску», — сказаў ён.

Міхаіл Ежаль быў прызначаны паслом у Беларусі 3 красавіка 2013 года ўказам Віктара Януковіча, які тады быў прэзідэнтам Украіны. Да гэтага займаў пасаду дарадцы прэзідэнта Украіны, у 2010-2012 гадах быў міністрам абароны, яшчэ раней — галоўнакамандуючым Ваенна-марскімі сіламі Узброеных сіл Украіны.

24 красавіка з’явілася інфармацыя, што Ежаль абвінавачваецца ў нанясенні дзяржаве шкоды больш чым на 42 млн. грыўняў (5,3 млн. доляраў ЗША на момант падзеі, цяпер — каля 2 млн. долараў). Гэта вынікала з адказу Генеральнай пракуратуры Украіны на запыт дэпутата Вярхоўнай рады, кіраўніка аналітычнай групы «Інфармацыйны супраціў» Дзмітрыя Тымчука. Адсканаваны дакумент парламентарый размясціў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук».

Раней Генпракуратура Украіны ў сувязі з гэтым выклікала Ежаля на допыт. Але ён не з’явіўся, бо ў гэты час патрапіў у мінскі ваенны шпіталь.

Паводле БелаПАН