Павел Усаў: Тэрор будзе толькі пашырацца
У эфіры «Радыё Рацыя» палітолаг Павел Усаў пракаментаваў забойства Рамана Бандарэнкі.
– Справа ў тым, што збольшага ўсе тыя грамадзяне, якія ўдзельнічаюць у пратэстах, якія пацярпелі ад свавольства ўладаў, ужо разумеюць той факт, што дзейсны рэжым выкарыстоўвае выключна сілавыя метады ўтрымання ўлады. Гэта выключна тэрор, неабмежаваны гвалт у дачыненні да простых грамадзян і пратэстоўцаў. Смерць Рамана Бандарэнкі – гэта толькі паказала. Больш таго мы бачым, што афіцыйныя прапагандысты ўсяляк падважаюць і дыскрэдытуюць не толькі Рамана, але і факты гвалту, факты забойства. Увесь гэты абслугоўваючы апарат адчувае сябе абсалютна беспакарана не толькі з пункту гледжання маральнага, але і з пункту гледжання права. Тая ж заява Следчага камітэта таксама гэта пацвярджае. Фактычна грамадзяне на сённяшні дзень безабаронныя перад гэтым гвалтам. Адзінае, што можа спыніць гэты неабмежаваны гвалт, бо трэба разумець, што ён будзе нарастаць з дня на дзень. Гэта толькі фізічны супраціў і помста ў адносінах да тых, хто здзяйсняе гэтыя гвалтоўныя ўчынкі. Я не кажу пра адказ забойствам на забойства, але ў пэўным сэнсе нейкае фізічнае ўздзеянне на такіх асобаў трэба аказваць, інакш гэты працэс будзе патоплены ў крыві. На сённяшні момант іншых механізмаў супрацьдзеяння, вось гэта сістэме, сістэме тэрору, проста няма. Маецца на ўвазе ўнутранае аб’яднанне, стварэнне нейкіх атрадаў самаабароны, самаарганізацыі, якія будуць бараніць тыя ж самыя двары, тых жа самых грамадзян, якія жывуць у тых ці іншых мікрараёнах. Мы бачым, што гэтыя баявыя адзінкі, атрады, дзейнічаюць паўсюль. Гэтыя дзеянні носяць паказальны характар, такіх людзей можа спыніць толькі сілавое супрацьдзеянне.