План дзеяння для тых, хто прыйдзе на змену гэтаму рэжыму

Праграма "Вольная Беларусь" стваралася як сістэмная інструкцыя для тых, хто можа прыйсці на змену існуючай уладзе. Яна можа стаць першым крокам на шляху падрыхтоўкі плану па рэалізацыі палітычных зменаў у краіне, лічыць Павел Усаў.

Фота belprauda.org

Фота belprauda.org

Праграма эканамічных і палітычных рэформаў Беларусі “Вольная Беларусь”, распрацаваная камандай Зянона Пазьняка напрыканцы красавіка была прэзентавана ў Варшаве, 8 траўня яе прадставяць у Доме нацыянальных згуртаванняў у Вільні. Апроч Пазьняка над дакументам працавалі Павел Усаў, Сяргей Папкоў, Юры Беленькі, Лявон Баршчэўскі, Павел Мірановіч, Юры Цехановіч і Мікалай Крыжаноўскі. Мы пагутарылі з адным са стваральнікаў, доктарам паліталогіі Паўлам Усавым.

— Павел, чаму была ўзятая назва, якая ўжо неаднаразова ўжывалася і замацавалася за стваральнікамі “Народнага Рэферэндуму”. Я маю на ўвазе назву “Народную Праграму” — кампанію якой ад 2011 года займаецца Рух “За Свабоду”. Навошта блытаць людзей і запазычваць назвы?

Поўная назва нашай праграмы — народная праграма “Вольная Беларусь”. Той факт, што слова “народная” выкарыстоўваліся палітычнымі партыямі і арганізацыямі, нічога не змяняе. Пра праекты Руху “За Свабоду”, “Народнага Рэферэндуму” акрамя спецыялістаў, мала хто ведаў і, тым больш, мала хто памятае. Звычайныя грамадзяне не намагаюцца нешта ідэнтыфікаваць, ці прыгадаць “лідараў” і “партыі”. Беларусам патрэбна ясная ідэйная альтэрнатыва існуючай сістэме — праграма дзеянняў, і мы яе прапанавалі ў сваім праекце.

— У вас напісана: “Народная Праграма Вольная Беларусь — гэта праект новай Беларусі. Распрацавана салідарным калектывам палітыкаў і спецыялістаў дзеля вольнай будучыні краіны, для выкарыстання будучым Часовым ці Пераходным Урадам дзяржавы альбо іншым палітычным утварэннем, якое пасля ліквідацыі антынароднага рэжыму возьме на сябе адказнасць за лёс і будучыню Рэспублікі Беларусь”. Ці стваральнікі праграмы маюць у планах стаць тым Нацыянальным Надзвычайным Камітэтам, які возьме на сябе кіраванне пасля змены рэжыму?

Сустваральнікі праграмы. Прэзентацыя ў Варшаве. Фота Аляксандра Папко

Сустваральнікі праграмы. Прэзентацыя ў Варшаве. Фота Аляксандра Папко


Любыя перамены пачынаюцца з ідэй, якія штурхаюць, матывуюць людзей да дзеянняў. Ідэі акрэсліваюць мэты і змяняюць светапогляд, даюць штуршок для сацыяльных працэсаў і пераменаў, якія вельмі часта рэалізоўваюцца людзьмі, якія ўспрынялі, а не стварылі гэтыя ідэі. Праграма стала штуршком для публічнай, інтэлектуальнай дыскусіі вельмі шырокага кола беларускага грамадства. Гэтая дыскусія выйшла па-за межы абмежаванай дэмакратычнай супольнасці, што было праблемай ўсіх апазіцыйных праектаў, і гэта ўжо важны і пазітыўны вынік.

Разам з гэтым, трэба рэальна ацэньваць сітуацыю: палітычныя змены не будуць хуткімі і лёгкімі. Але калі яны адбудуцца (а адбудуцца яны абавязкова), тым людзям, якія прыдуць да ўлады, будзе патрэбны ўвесь прагрэсіўны інтэлектуальны патэнцыял беларускага грамадства, каб паспяхова ажыццявіць перамены ў Беларусі. Праграма “Вольная Беларусь” можа быць компасам для новай палітычнай эліты, можа стаць элементам іншай стратэгіі, але важна, каб гэтая стратэгія была. Людзі, якія прыйдуць на змену існуючаму рэжыму, павінны ведаць, што і як рабіць, загадзя, а не распрацоўваць стратэгію дзеянняў тады, калі патрэбныя самі дзеянні. Бо за вельмі абмежаваны час пераходнага перыяду трэба будзе зрабіць даволі шмат.

Што тычыцца Нацыянальнага Надзвычайнага Камітэту, то гэтая прапанова звязана з адным са сцэнароў (больш-менш верагодных) пераходнага перыяду ў Беларусі, калі апазіцыйныя сілы ў выніку дэкансалідацыі аўтарытарнага рэжыму ў краіне могуць прыйсці да ўлады. У гэты перыяд будзе патрэбны часовы, але эфектыўны механізм для хуткай рэарганізацыі палітычных інстытутаў і правядзення рэформаў дзеля замацавання дэмакратычных зменаў. Могуць быць і іншыя сцэнары пераменаў у краіне. Дэмакратычныя палітыкі і грамадскія актывісты павінны быць гатовыя да розных з іх. Хто будзе кіраваць новай Беларуссю — цяпер сказаць ніхто не ў стане.

— Цікава, што праграма разлічана менавіта на выпадак безуладдзя. Няўжо эксперты не разглядалі варыянт, што на змену ўсё ж нехта прыйдзе — злева ці справа, з Усходу ці з Захаду, са сваёй праграмай? Магчыма, іх ужо рыхтуюць. Што ў такім разе?

— У гісторыі нічога і ўсё адбываецца праз выпадак. У свой час нават Лукашэнку разглядалі як “выпадковага прэзідэнта”. Безумоўна, сцэнароў можа быць шмат, мы разглядалі толькі такі, пры якім на змену сённяшняму кіроўнаму клану прыйдуць апазіцыйныя дэмакратычныя сілы. Асноўныя палітычныя інструментары распрацаваныя менавіта для новай дэмакратычнай эліты. Калі новая апазіцыя будзе ў стане распрацаваць сваю праграму — добра, але пакуль іншых сістэмных праграм няма.

Што тычыцца альтэрнатыўных сцэнароў палітычных працэсаў — унутрынаменклатурных зменаў, расійскага ўмяшальніцтва — зразумела, нашая праграма ў такіх умовах будзе не патрэбная, бо сістэма ўладных каардынат не зменіцца, а можа, нават, і пагоршыцца. Праграма разлічана на дэмакратычныя перамены, а не на ўнутрыаўтарытарныя гульні. Безумоўна, варта прааналізаваць усе магчымыя сцэнары пераменаў у Беларусі, пралічыць ключавых гульцоў і ключавыя ўплывы, каб выпрацаваць механізм дзеяння для беларускай дэмакратычнай супольнасці ў новых умовах, але гэта асобная іншая праца.

narodnaja_prahrama_volnaja_belarus.jpg


— Над чым вы працавалі?

Я займаўся працай над палітычным блокам праграмы, які ўключаў у сабе аналіз, звязаны з пераходным перыядам, фарміраванне асноўных дзяржаўных інстытутаў і дадатковых антыкрызісных механізмаў, такіх, напрыклад, як “Антыкрызісная рада”, а таксама праблематыкай мясцовага самакіравання. За аснову браўся практычны досвед, часта негатыўны, былых савецкіх рэспублік, — менавіта для таго, каб распрацаваць такія механізмы функцыянавання палітычнай сістэмы ў пераходны перыяд, якія б дазволілі пазбегчы глыбокага ўнутрыпалітычнага крызісу і не дазволілі спыніць працэс дэмакратызацыі ў Беларусі. Палітычны досвед некаторых постсавецкіх краін — Кіргізія, Украіна, Малдова — паказвае, што слабасць дэмакратычных інстытутаў і адсутнасць палітычнай адказнасці кіроўных элітаў могуць прывесці да драматычных падзеяў, асабліва пасля змены аўтарытарных лідараў. Канешне, праграма і тое, што яна прапануе, не будзе панацэяй ад “кепскіх” палітыкаў, але, прынамсі, дасць магчымасці абмежаваць уплывы такіх асобаў на лёс краіны.

Важнасць праграмы ў тым, што яна сістэмная, то бок прапануе кірункі зменаў ва ўсіх ключавых сегментах беларускай дзяржавы і грамадства. Без палітычных пераменаў немагчыма будзе рэалізаваць сацыяльна-эканамічныя рэформы, але без паспяховых сацыяльна-эканамічных рэформаў немагчыма будзе замацаваць устойлівае развіццё дэмакратычнай сістэмы. Дзяржава, як і чалавек, можа добра функцыянаваць толькі тады, калі ў яго здаровыя ўсе часткі цела — усе элементы сістэмы. Сённяшняя беларуская дзяржава — вельмі хворы чалавек, яна здольная функцыянаваць толькі ў гіпсе і баракамеры, таму перад наступным пакаленнем беларускіх палітыкаў стаіць задача не толькі выратаваць дзяржаву ад смерці, але стварыць жыццяздольны арганізм. Праграма прапануе комплекс палітычных і сацыяльна-эканамічных парцэдур для рэалізацыі дадзенай задачы.

Зянон Пазьняк на прэзентацыі ў Варшаве

Зянон Пазьняк на прэзентацыі ў Варшаве


— З раздзела “Мова” я разумею, што будзе ўведзеная беларуская як адзіная дзяржаўная. Ці няма перасцярогі, што з празмернага акцэнтавання на мове, а не на эканоміцы, адбудзецца тое самае, як у 90-я ў адраджэнцаў, калі ўлада ластаўкай з рук выпырхнула… Варта ўспомніць і ўрокі Украіны ды ваенныя дзеянні як вынік…

Вайна ва Украіне пачалася не з прычыны моўнага пытання, а таму, што гэта было ў інтарэсах Расіі. Яна пачалася таму, што ўкраінскае грамадства пазбавілася ад аўтарытарнага, крымінальнага і карумпіраванага рэжыму Януковіча, які пажадаў уцягнуць Украіну ў расійскі інтэграцыйны праект. Яна пачалася таму, што ўкраінцы захацелі жыць у дэмакратычнай дзяржаве. Пагроза ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Беларусі з боку Расіі ўзнікне адразу, як толькі ў краіне пачнуцца дэмакратычныя перамены. Ці азначае гэта, што мы павінны адмовіцца ад дэмакратыі? Таму, я не думаю, што пытанне мовы будзе такім прынцыповым, калі мы кажам пра супрацьстаянне з Расіяй. А што датычыць беларускага грамадства, то дэмакратычная дзяржава будуецца на грамадскім кансэнсусе, узаемнай павазе да свабоды і правоў, таму я ўпэўнены, што ў працэсе рэалізацыі палітыкі адраджэння беларускай мовы будзе знойдзены кампраміс.

Упэўненасць людзей у тым, што як толькі да ўлады прыйдзе апазіцыя, то яна будзе займацца толькі мовай — вынік мэтанакіраванай маніпуляцыі і міфалагізацыі свядомасці грамадства, таксама і праз скажэнне гісторыі. Менавіта афіцыйныя ідэолагі ўвесь гэты час укладалі ў галовы людзей міф, што, калі б да ўлады не прыйшоў Лукашэнка, у Беларусі б пачалася грамадзянская вайна. Але ўсе, хто добра ведаюць гісторыю пачаткаў нашай незалежнасці, разумеюць, што гэта хлусня. Цяпер беларускі рэжым працягвае займацца міфалагізацыяй і прапагандай, а не рэформамі і пытаннямі, звязанымі з паляпшэннем жыцця грамадзянаў. Бо сённяшняя сістэма няздольная да рэформаў.

Зразумела, што нацыянальная палітыка, захаванне нашай культурнай і гістарычнай спадчыны — гэта адзін з ключавых напрамкаў дзейнасці новай улады. Але ніхто не збіраецца замяшчаць ёю сацыяльна-эканамічныя рэформы і сістэмную трансфармацыю.

Прэзентацыя ў Варшаве. Фота Хартыя'97

Прэзентацыя ў Варшаве. Фота Хартыя'97


—Як напісана ў матывацыі да праграмы: “Станоўчыя вынікі праграмных рэформаў будуць адчувацца адразу і ўдасканальвацца з кожным годам. Ужо праз пяць гадоў Беларусь непазнавальна зменіцца да лепшага. Праз дзесяць гадоў гэта будзе моцная заможная і вольная ўсходнееўрапейская краіна, з шчаслівым вольным працавітым насельніцтвам, прыкладна ў дзесяць з паловай мільёнаў радасных пазытыўных людзей, якія, як некалі, будуць усміхацца адно аднаму”…

— Чым даўжэй будзе захоўвацца існуючы рэжым, тым горш будуць умовы пераходнага перыяду. Мы не ведаем, у якім стане апынецца Беларусь пасля сыходу Лукашэнкі. Можа стацца так, што ў бюджэце краіны не будзе грошай, а Беларусь будзе мець велізарныя пазыкі і фактычна будзе банкрутам.

Але трэба улічваць і тое, што беларускае грамадства не знаходзіцца ва ўмовах савецкага існавання канца 80-х — пачатку 90-х гадоў, калі ўсё, у тым ліку і эканамічная дзейнасць, было рэгламентавана дзяржавай, а самастойная эканамічная актыўнасць толькі зараджалася. Сённяшняе грамадства непараўнальна больш самастойнае, нават сацыяльна і эканамічна актыўнае, не гледзячы на тое, што аўтарытарная ўлада сваімі абсурднымі законамі намагаецца абмежаваць, а часам і забіць гэтую ініцыятыву. Разняволенне сацыяльнай і эканамічнай актыўнасці, безумоўна, прывядзе да хуткіх зменаў. У сваю чаргу, дзяржава створыць нармальныя ўмовы, гарантыі і правілы для вядзення бізнэсу, што паспрыяе замежным інвестыцыям і развіццю гаспадаркі ў цэлым. Ці магчыма гэта зрабіць на працягу 5 год пасля адхілення сённяшняй кіроўнай групоўкі? Так, магчыма.

— Ці здольная гэтая праграма аб’яднаць апазіцыю?

—Для аб’яднання патрэбна не праграма, а палітычная воля і палітычная адказанасць. А гэтага няма і наўрад ці будзе. Партыі і рухі гуляюць у свае дробныя гульні, і ім гэтага дастаткова. Праграма не разлічана на “старую” апазіцыю, але, быць можа, стане штуршком для нараджэння новай.

У чым адметнасць менавіта гэтай праграмы?

— Праграма не з’яўляецца маніфестам нейкага вузкага палітычнага кола, не служыць нейкай партыі альбо руху. Яна стваралася як сістэмная, пакрокавая інструкцыя дзеяння для тых, хто можа прыйсці на змену існуючай уладзе. Тыя праграмы, пра якія вы згадвалі раней, маюць, хутчэй, фармат дэкларацый, агульных фармулёвак, якія выкарыстоўваюцца ў выбарчых кампаніях. Праграма “Вольная Беларусь” — гэта праграма канкрэтных дзеянняў, накіраваных на пабудову дэмакратычнай сістэмы.

— “Праграма адлюстроўвае тыя крокі, якія неабходна рабіць у пераходны перыяд пасля змены рэжыму”. Але ж штука ў тым, што цяпер трэба акурат праграма, а нават хутчэй план, каб рэжым змяняць…  

Маеце рацыю. Я не выключаю, што праграма можа стаць першым крокам на шляху падрыхтоўкі плану па рэалізацыі палітычных зменаў у краіне. Якім ён будзе, сказаць вельмі цяжка, але апошнія падзеі ў Беларусі паказалі, што грамадства патрабуе пераменаў, яно гатовае на гэтыя перамены, але пакуль проста не мае дастатковай унутранай салідарнасці дзеля рэалізацыі сваіх намераў. Паглыбленне сацыяльна-эканамічнага крызісу, раздражнёнасць уладай будуць ствараць умовы для росту незадаволенасці, што ў будучым можа стаць штуршком для палітычных зменаў. І трэба быць гатовым да гэтых зменаў.

— Ці плануецца прэзентацыя праграмы ў самой Беларусі?

— Беларускія ўлады проста не дазволяць правесці такую прэзентацыю. Дакумент нават не дазваляюць увозіць у краіну. Некалькі асобнікаў былі канфіскаваныя і скіраваныя на экспертызу па выяўленню экстрэмістскага зместу. З улікам таго, які рэзанас мела публікацыя асобных частак праграмы, улады успрынялі яе як небяспеку. Трэба адзначыць, што Лукашэнка і яго атачэнне заўсёды рэагуюць нервова і неадэкватна, калі дзеянні грамадзян не адпавядаюць іх схемам і чаканням.

narodnaja_prahrama_novaj_belarusi_zastauka.jpg