Расійскія школы атрымалі інструкцыі наконт «міратворчай аперацыі» ва Украіне

Школы ў шэрагу рэгіёнаў Расіі атрымалі рэкамэндацыі да ўрокаў пра вайну ва Украіне з афіцыйнай пазіцыяй Крамля, паведамляе «Медуза».

5c94f405_464b_4846_b6e7_d83b5b62be71_w1023_r1_s.webp


У Томскай вобласці скрыншоты матэрыялаў апублікаваў журналіст Андрэй Серафімаў. У Маскоўскай вобласці копіі размясьціў тэлеграм-канал «Осторожно, новости». Падобныя скрыншоты «Медуза» атрымала ад настаўніка з Калужскай вобласці.
Інфармацыю пацвердзіла начальніца упраўлення агульнай адукацыі Томскай вобласці Ірына Грабцэвіч. Паводле яе, такія рэкамэндацыі атрымалі ўсе ва ўсіх школах вобласці.
Указанні атрымалі і маскоўскія навучальныя ўстановы, піша ВВС. Выданне прыводзіць цытаты з дапаможніка для 9–11 класаў:
«На жаль, ёсьць сілы, якія Расію арганічна ненавідзяць, якія цяпер робяць усё магчымае, каб пачаць вайну, каб праз тры-чатыры гады вы былі ўцягнутыя ў яе смяротныя жорны».
«Заморскія куратары паставілі страшную задачу перад украінскай уладай, перад будучымі пакаленнямі — перамога над Расіяй, перамога любой цаной. Як кажуць: "Змагайся з Расіяй да апошняга ўкраінца"».
Матэрыял у цэлым паўтарае аргументы, якія выкарыстоўваў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, каб апраўдаць уварванне.
Напрыклад, на магчымае пытанне «Ці гэта вайна з Украінай?» настаўніка просяць адказаць: «З Украінай не вайна, а спецыяльная міратворчая аперацыя, накіраваная на стрымліванне нацыяналістаў, якія прыгнятаюць рускамоўнае насельніцтва».