Рух "За Свабоду": У нацыянальных інтарэсах Беларусі — выхад з Мытнага саюза
"Беларусь не павінна быць сатэлітам Крамля. У беларускіх нацыянальных інтарэсах — рэальнае напаўненне канстытуцыйнага палажэння аб нейтральным статусе Беларусі, выхад з АДКБ і Мытнага саюза, нейтралізацыя расійскай прапаганды ў Беларусі, супрацоўніцтва і інтэграцыя з Еўрапейскім саюзам", — гаворыцца ў распаўсюджанай 16 сакавіка заяве руху "За Свабоду" "Аб расійскай агрэсіі супраць Украіны і пагрозе незалежнасці Беларусі".
У дакуменце адзначаецца, што "палітыка неаімперскага рэваншу і агрэсія Расіі супраць украінскай дзяржавы і еўрапейскага выбару народа Украіны з'яўляюцца агульнаеўрапейскай пагрозай".
"Гэта вельмі небяспечны выклік для мірнага развіцця і ўзаемавыгаднай інтэграцыі. У 1994 годзе Расія ўзяла на сябе абавязацельствы паважаць незалежнасць, суверэнітэт і існыя дзяржаўныя межы
Украіны, Казахстана і Беларусі, устрымлівацца ад пагрозы прымяняць сілу супраць іх тэрытарыяльнай цэласнасці і палітычнай незалежнасці, а таксама не выкарыстоўваць эканамічны прымус для адстойвання
сваіх уласных інтарэсаў. Сёння мы бачым, што крамлёўскі рэжым груба парушае свае міжнародныя абавязацельствы і Статут ААН у дачыненні да Украіны", — гаворыцца ў заяве.
У руху лічаць, што пасля Украіны можа наступіць чарга Беларусі, Казахстана ці любой іншай дзяржавы. "Мы салідарныя з народам Украіны, які гераічна зрабіў цывілізацыйны выбар на карысць
еўрапейскага шляху развіцця і дэмакратыі. Беларусь павінна адназначна падтрымаць суверэнітэт, незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, а не гуляць у небяспечныя гульні з агрэсарам і пашыраць
яго ваенную прысутнасць у нашай краіне. Нельга ператвараць беларускі народ у заложніка чужых захопніцкіх планаў", — падкрэсліваюць у арганізацыі.
Лёс беларускай дзяржавы і нацыі, мяркуюць у руху "За Свабоду", "пад велізарнай пагрозай". "Залежнасць ад усходняга суседа катастрафічная. Гэта прывяло
эканоміку Беларусі да глыбокага крызісу. Усе больш і больш расійскіх ваеннаслужачых ступае на беларускую зямлю, што яшчэ больш аддаляе нас ад цывілізаванага свету", — гаворыцца ў
заяве.
У руху падкрэсліваюць, што "нам жыццёва неабходна кансалідацыя на аснове патрыятызму, нацыянальных інтарэсаў і каштоўнасцяў".
"Нам патрэбны агульнабеларускі дыялог і нацыянальная кансалідацыя. Гэта магчыма толькі пасля вызвалення ўсіх палітзняволеных, спынення палітычных рэпрэсій і пашырэння свабоды СМІ. Неадкладна
павінна быць прынята антыкрызісная праграма, скіраваная на рэальную мадэрнізацыю эканомікі краіны і арганізацыю энергетычнай бяспекі праз шырокае супрацоўніцтва з краінамі Чарнаморска-Балтыйскага
рэгіёну", — гаворыцца ў заяве.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН