Севярынец: Мне па-чалавечы шкада тых людзей, якія ідуць на гэтыя выбары

У чарговай перадачы серыі «Інтэрвію тыдня» на "Радыё Свабода" палітык Павал Севярынец адказвае на пытанне, чаму ўлады баяцца рэгістраваць БХД, ці дазволіць Масква візіт у Беларусь Папы Рымскага і чаму ў змаганні з расійскай пагрозай варта спадзявацца не на дзяржаву, а на незалежнае грамадзтва. 

e4942370_e88a_4732_afea_933164a727c3_w987_r1_s.jpg


З Паўлам Севярынецам гутарыў Віталь Цыганкоў.

— У СМІ час ад часу з'яўляюцца паведамленні пра чарговую нерэгістрацыю БХД — Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Чаму нават цяпер, на фоне пэўнай лібералізацыі адносінаў з Захадам, улады вас усё роўна не рэгіструюць?

— Рэжым баіцца масавай хрысціянскай дэмакратыі, баіцца палітычнай партыі, да якой могуць далучыцца многія і многія вернікі. Бо статус нерэгістрацыі адпуджвае значную частку і святароў, і вернікаў, — а калі гэтая партыя будзе дазволеная і легалізаваная, то яна хутка можа стаць масавай сілай. Абсалютная большасць царкоўных супольнасцяў непадкантрольныя цяперашняму рэжыму.

 

— Партыяў на сёння хапае, і нешта не відаць, каб яны павялічвалі сваю колькасць апошнія гады. Чаму вы думаеце, што БХД можа стаць масавай?

 

— БХД — гэта адзіная масавая партыя, якая ўзнікла ўжо падчас росквіту дыктатуры. Усе астатнія партыі ўзніклі раней, і цяпер яны альбо змяншаюць, альбо захоўваюць сваю колькасць. А БХД прагрэсуе, і ў гэтым небяспека для ўлады. Калі гэтая форма можа расці — дай ёй спрыяльныя ўмовы, і яна будзе пашырацца. Я магу прывесці гістарычны прыклад БХД, якая дзейнічала ў 20–30-я гады ў Заходняй Беларусі, ва ўмовах нацыянальнага і дзяржаўнага ціску. І, паводле гісторыкаў, гэта была адзіная беларуская партыя, якая ў 1930-я гады пашырыла свае шэрагі.

 

— Пасля візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Італію зноў сталі абмяркоўваць магчымасць візіту ў Беларусь Папы Рымскага і магчымасць ягонай сустрэчы тут з патрыярхам Рускай праваслаўнай царквы. Па-вашаму, наколькі рэалістычны гэты візіт?

 

— Калі казаць пра імавернасць — думаю, цяпер гэта 50 на 50. Гаворка ідзе пра найбліжэйшы год, потым сітуацыя можа мяняцца ў адзін ці другі бок. Бо пасля Кубы відавочна, што патрэбны працяг працэсу дыялогу паміж каталіцкай і праваслаўнай царквой.

 

Беларусь — някепская пляцоўка, гістарычна гэта месца сустрэчы праваслаўя і каталіцтва. Праблема ў рэжыме, які пануе ў Беларусі. Касцёл разумее, што для яго прыезд у Беларусь папы — гэта іміджавыя страты ў пэўным сэнсе. Таму трэба, каб беларускія ўлады пайшлі насустрач Касцёлу. Я думаю, што цяпер ідзе абгаворванне такіх крокаў. Іншымі словамі, Ватыкан проста так не будзе кідаць выратавальны круг Лукашэнку.

 

— Адны кажуць, што Лукашэнка не мог запрашаць у Беларусь папу, не спытаўшыся ў праваслаўнага патрыярха. Іншыя кажуць, што тут Лукашэнка, наадварот, мае магчымасць паказаць сваю самастойнасць, а заадно паказаць РПЦ яе месца...

 

— Думаю, калі Пуціну спатрэбіцца чарговы масток для наладжвання стасункаў з Захадам і Крэмль запатрабуе ад праваслаўнай царквы сустрэчы на тэрыторыі Беларусі — то Масква можа апынуцца «ў гульні», і такая сустрэча можа адбыцца.

 

— Раней пра імперскую пагрозу Расеі казалі толькі апазіцыйныя палітыкі і незалежныя публіцысты і аналітыкі. Але вось днямі з такімі ж матывамі з'явіўся артыкул праўладнага палітолага Царыка ў «Советской Белоруссии». Ці азначае гэта, што і з боку ўладаў ёсць разуменне такой пагрозы?

 

— Мяркую, сённяшнія ўлады даўно зразумелі небяспеку Расеі, нават для выжывання цяперашняга рэжыму. Але яны не маюць палітычнай волі (ці нават магчымасці) дзейнічаць супраць. Таму мы назіраем такую карціну — на ўзроўні рыторыкі дзяржава асцярожна дае зразумець, што не хацела б бачыць тут усіх гэтых ДНРаў, але, з іншага боку, баіцца Пуціна, бо ён мае рычагі, каб гэты рэжым хутка «прыхлопнуць».

 

Таму мы назіраем толькі словы, спраў пакуль няма. Той жа Мільчакоў — цалкам адыёзная асоба. І калі ён гуляе па Беларусі і робіць тут сэлфі — то альбо беларускія спецслужбы дарма ядуць свой хлеб, альбо тут негалосная дамова з ФСБ.

 

Таму тут асноўная ініцыятыва павінна ісці ад грамадства. Блогеры робяцца баявымі адзінкамі, каб супрацьстаяць гэтай агрэсіі. Кожнаму з нас трэба браць на сябе гэтую ролю. Беларускія хрысціянскія дэмакраты падалі некалькі заяваў у пракуратуру ў сувязі з дзейнасцю такіх фармаванняў. Тут пытанне выжывання беларусаў як нацыі, гэтая зараза можа глыбока пранікнуць у Беларусь.

 

— Атрымліваецца, што ў такой сферы, як незалежнасць і дзяржаўная бяспека, асноўны цяжар на сябе павінны браць блогеры. А на дзяржаўныя органы вы ўжо не спадзеяцеся?

 

— І ў сённяшняй дзяржаўнай сістэме ёсць людзі, якія разумеюць гэтую небяспеку і нават гатовыя нешта рабіць. Варта ацаніць, што такая публікацыя з'явілася — гэта сігнал, што ёсць такія сілы. Але за 22 гады рэжым настолькі адбіў ініцыятыўнасць ва ўсіх чыноўнікаў, настолькі прывучыў іх мысліць катэгорыямі «1984», што з гэтага будзе мала толку. Вось якраз актыўнасць грамадства, з падтрымкай міжнароднай супольнасці, асобных людзей ва ўладзе — можа паставіць перашкоду расейскай агрэсіі.

 

— Ці прапусціць улада апазіцыю ў парламент на гэтых выбарах? Надта шмат абставінаў прымушае яе гэта зрабіць.

 

— Маё меркаванне пра гэтыя выбары вельмі скептычнае. Нават калі рэжым не прапусціць «апазіцыянераў» у Палату — справа можа скончыцца міжнародным прызнаннем гэтай структуры. А гэта можа пацягнуць за сабой прызнанне незаконных, антыканстытуцыйных законаў, якія гэтая палата штампуе альбо праштампуе. Ажно да рашэння пра страту незалежнасці. Пры сённяшнім рэжыме яно можа быць аформленае літаральна за гадзіну.

 

Акрамя таго — лета, людзі ў сувязі з крызісам настроеныя вельмі кепска, натуральным чынам байкатуюць усе кампаніі, звязаныя з выбарамі. Таму мне проста па-чалавечы шкада тых людзей, якія ідуць на выбары.

 

У нас у партыі ёсць два погляды — тыя, хто прынцыпова за байкот, і тыя, хто за ўдзел. Прынята рашэнне, што БХД як палітычная сіла не ўдзельнічае. Але асобныя сябры партыі могуць выкарыстаць гэтыя выбары для сваіх асабістых кампаніяў.


www.svaboda.org