Што мы ведаем пра здароўе прэзідэнта
Упершыню больш чым за 20 гадоў кіравання Аляксандра Лукашэнкі было публічна паведамлена пра ягоны стан здароўя (аперацыю на каленным суставе, праведзеную ў лечкамісіі). І гэта ўсё, што мы ведаем пра стан здароўя Аляксандра Лукашэнкі.
З-за поўнай адсутнасці інфармацыі пра стан здароўя кіраўніка Беларусі ўсе гэтыя 20 гадоў было поўна чутак, спекуляцый і інтэрпрэтацый на гэтую тэму. Абмяркоўвалі праблемы са спінай нібыта з-за
траўмы ў маладосці, дадумвалі, чаму Аляксандар Лукашэнка на некаторы час знік з тэлеэкранаў пасля Плошчы-2006, і чаму, з'явіўшыся на інаўгурацыі, выглядаў не надта здарова, аматары
папляткарыць прыпісвалі кіраўніку Беларусі адну з найбольш распаўсюджаных у мужчынаў яго ўзросту анкалагічную хваробу рак прастаты, поўна спэкуляцый было і з нагоды скандальнага дыягназу
псіхіятара-эмігранта Дзмітрыя Шчыгельскага — мазаічнай псіхапатыі.
Чаму цяпер паведамілі пра стан здароўя кіраўніка Беларусі?
Ці гэта звязана з прыходам новай прэсавай сакратаркі Наталлі Кірсанавай (Эйсмант), якая мае вопыт працы на тэлебачанні, і прапанавала новыя падыходы ў гэтым пытанні? Магчыма,
але Аляксандар Лукашэнка збольшага сам вызначае і вырашае, што можна гаварыць, а што не.
Ці проста немагчыма было б схаваць праапераваную нагу, бо рэабілітацыя пасля такой аперацыі даволі працяглая? З аднаго боку так, а з другога можна было б і схаваць, калі паказваць кіраўніка
дзяржавы толькі за сталом ці ў пэўных ракурсах.
Ёсць яшчэ адна версія, звязаная з ягоным расійскім калегам Уладзімірам Пуціным. Нядаўна прэсавы сакратар расійскага прэзідэнта быў вымушаны абвяргаць шырока растыражаваную інфармацыю пра тое,
што ва Уладзіміра Пуціна нібыта выяўленая цяжкая форма рака. Першай пра гэта напісала выданьне Page Six, якое з'яўляецца дадаткам да нью-йоркскага таблоіду New York Post. Журналіст Рычард
Джонсан са спасылкай на ўласную крыніцу сцвярджаў, што расійскі прэзідэнт хворы на рак падстраўнікавай залозы і лекаваўся ў нейкага лекара з Усходняй Нямеччыны, з якім ён пазнаёміўся, калі служыў у
Дрэздэне афіцэрам КДБ.
Магчыма, абнародаванне інфармацыі пра аперацыю кіраўніка Беларусі стала спосабам запабегчы розных чутак і спекуляцый, якія маглі з'явіцца ў сувязі з яго адсутнасцю на тэлеэкранах.
Але гэта ўсё версіі. А насамрэч гэта нармальная і абавязковая працэдура ў дэмакратычных краінах — паведамляць пра здароўе прэзідэнта. Раз на некалькі гадоў прэзідэнт ЗША праходзіць
абавязковы медычны агляд, пасля якога публічна гаворыцца пра стан зароўя прэзідэнта — ягоны ціск, вагу, узровень халестэрыну, магчымыя праблемы, якія варта перадухіліць зменамі ў харчаванні
альбо ладзе жыцця, гаворыцца пра тое, як высока медыкі ацэньваюць рызыку сардэчна-сасудзістых хваробаў, лекары паведамляюць пра шкодныя звычкі прэзідэнта (як у Абамы — курэнне) і раяць
адмовіцца ад іх, і гэтак далей.
Такая публічнасць дае магчымасць выбарнікам ведаць стан і прагноз здароўя чалавека, які прымае рашэнні, што тычацца ўсіх.
Паведамленьне пра аперацыю, якую перанёс Лукашэнка з гэтага пункту гледжання — нармальная рэч.
Але ў Беларусі так мала нармальнага ў паводзінах улады, што норма ўжо даўно ўспрымаецца як нешта не зусім нармальнае...
Ганна Соўсь, svaboda.org