Сярэднявечная спадчына ў Год народнага адзінства

Як паказала практыка, для дасягнення адзінства ў Год народнага адзінства без узмацнення ролі сілавых структур не абысціся.

На думку класіка цывілізацыйнага аналізу Арнольда Тойнбі, закон выкліку і адказу вызначае развіццё цывілізацый. Ні адно грамадства не адчувае недахопу ў выкліках. Яны фарміруюцца пад уплывам гістарычных сітуацый і прыродных фактараў. Напрыклад, Вялікае перасяленне народаў IV–VII стагоддзяў, без якога немагчыма ўявіць гісторыю Еўропы, з’явілася адказам на пахаладанне, што доўжылася некалькі стагоддзяў.
У наш дынамічны час геапалітычныя выклікі (пра іншыя не згадваем) плодзяцца, нібы трусы. Звернемся да бабулькі-Еўропы.

Еўрапейскі саюз разглядаўся бацькамі-заснавальнікамі ў якасці інструмента для вырашэння эканамічных і прававых задач. На палітычную самастойнасць нацыянальных дзяржаў яны не замахваліся. Аднак трусы не прымусілі сябе чакаць. Сярод апошняга прыплоду — агульнаеўрапейская праграма вакцынацыі, план аднаўлення з салідарным запазычаннем, пагроза ваенных канфліктаў на знешніх межах, кліматычныя змены і міграцыйны ціск (падзеі на беларуска-польскай мяжы — толькі адзін з элементаў такога ціску). У якасці вішанькі на торце варта дадаць палітыку «Газпрама», якая зрабіла свой унёсак у рэкордны рост цэнаў на газ для еўрапейскіх спажыўцоў.

Адказ на кожную з пералічаных праблем патрабуе стварэння агульнаеўрапейскіх механізмаў, здольных выпрацоўваць палітычныя рашэнні. І такія механізмы выпрацоўваюцца. У прыватнасці, варта згадаць еўрапейскую памежную службу Frontex, чый бюджэт вырас з € 460 мільёнаў у 2020 годзе да € 544 мільёнаў у 2021-м.

«Калі ЕС, — тлумачыць незалежны аналітык Сяргей Міхайлаў, — дасягне згоды адносна крытэрыяў бежанца, які прэтэндуе на прытулак, у адрозненне ад нелегальнага парушальніка межаў, вартага дэпартацыі, то Frontex зможа разгарнуць сваю дзейнасць па перыметры еўрапейскіх рубяжоў, маючы ў сваім распараджэнні адзіную базу даных і самыя сучасныя сродкі кантролю. Для Расіі і Беларусі гэта будзе азначаць, што новыя гібрыдныя атакі на ўсходніх межах ЕС, калі яны будуць, сустрэнуць значна больш арганізаваны супраціў, чым увосень 2021 года».

Паміж выклікам і адказам

Галоўны выклік, з якім сутыкнуліся заснавальнікі Саюзнай дзяржавы, фарміруецца не канкрэтнымі «мярзотнікамі», якія засядаюць ва ўрадавых кабінетах еўрапейскіх сталіц, а самім ходам гісторыі. Імя гэтага выкліку — постіндустрыялізм.

Ад яго немагчыма адмахнуцца, нібы ад назойлівай мухі, бо, як падкрэсліваў Тойнбі, «выклік, які застаўся без адказу, узнікае зноў і зноў».

Развіццё ёсць паслядоўная змена выклікаў і адказаў. Сам факт паспяховага адказу спараджае новы выклік. У гэтым, згодна з класікам цывілізацыйнага аналізу, «крыецца прырода рытму росту, паколькі, з аднаго боку, рух не быў бы неперарыўным, калі б паспяховы адказ азначаў сабой канец і не меў на ўвазе новага выкліку».
Беларуская мадэль ёсць адказ на выклік павальнага дэфіцыту, у якім загразла яе савецкая папярэдніца. Дэфіцыт яна пераадолела за кошт дапушчэння прыватнай ініцыятывы ў эканоміку і пераносу цэнтру цяжару з адміністрацыйных механізмаў на рынкавыя пры размеркаванні рэсурсаў.

Такім чынам, поспех у наяўнасці. Для таго, каб у гэтым пераканацца, дастаткова выйсці ў двор гарадскога мікрараёна. Не толькі сталічны, але практычна кожны правінцыйны двор сёння застаўлены аўтамабілямі.
Рост дабрабыту, памножаны на магчымасць праяўляць эканамічную актыўнасць, спарадзіў попыт на палітычныя правы, што і стала прычынай фарміравання новага выкліку.

Попыт на палітычныя правы, у сваю чаргу, спарадзіў масавыя пратэсты ў 2020 годзе, што не магло не прымусіць Захад перагледзець сваё стаўленне да чарговых так званых «прэзідэнцкіх выбараў». Пра тое, што яны з сябе ўяўляюць, Захад і раней быў выдатна інфармаваны, але на многае заплюшчваў вочы, бо справядліва лічыў праблему адпаведнасці беларускіх выбараў дэмакратычным стандартам унутранай праблемай.

Ачагі актыўнасці спыненыя

«Выклік, які застаўся без адказу, узнікае зноў і зноў»… І без падказкі Тойнбі гэта ўсведамляюць у Палацы Незалежнасці. Адкрыйце любы прэс-рэліз на галоўным сайце краіны, напрыклад, ад 14 снежня: «На прадпрыемствах прыватнай формы ўласнасці ў нас заўсёды былі праблемы. Айцішнікі і іпэшнікі ў вас (у Магілёўскай вобласці. – С.Н.) таксама ёсць. Яны ж не сканцэнтраваны толькі ў Парку высокіх тэхналогій».
Здавалася б, наяўнасці ў краіне айцішнікаў і іпэшнікаў «дзяржаве для народа» варта радавацца. Аднак і першыя, і другія не толькі не чуць хадзіць строем, але яшчэ наровяць разбрысціся. Паспрабуй за ўсімі ўсачыць.

Зразумела, аматарам лавіць рыбку ў каламутнай вадзе радавацца рана. Дам слова начальніку ўпраўлення КДБ па Магілёўскай вобласці Ігару Паўлюшчанку: «У цяперашні час сацыяльна-палітычная абстаноўка ў рэгіёне ў цэлым стабільная і кантралюемая. З улікам праведзенай працы на працягу апошняга года былі спыненыя ачагі актыўнасці, якія раней траплялі ў поле зроку».

Ачагі актыўнасці спыненыя. Адлягло. Але хто дасць гарантыю, што яны не ўзнікнуць зноў? Абстаноўка ў працоўных калектывах па-ранейшаму патрабуе падвышанай увагі. «Калі мы (Упраўленне КДБ па Магілёўскай вобласці. — С.Н.) яе ўтрымаем на тым узроўні, як цяпер, то нейкіх нечаканых момантаў для нас тут не будзе».

Як паказала практыка, для дасягнення адзінства ў Год народнага адзінства без узмацнення ролі сілавых структур не абысціся. Чаму? Тут напрошваецца паралель з тэзісам таварыша Сталіна аб узмацненні класавай барацьбы па меры пабудовы сацыялізму.

Класы, а разам з імі і класавая барацьба, засталіся ў мінулым. Аднак саслоўяў у межах Саюзнай дзяржавы ніхто не адмяняў. Яны дасталіся нам у спадчыну не ад СССР, а ад Сярэднявечча. У саслоўных жа грамадствах закон у якасці сацыяльнага інтэгратара адыгрываў падпарадкаваную ролю, дамінавалі ж вера (ідэалогія) і сіла.

***
І на заканчэнне яшчэ адна цытата з Тойнбі: «У немагчымасці даць паспяховы адказ на выклік палягае сутнасць катастрофы сацыяльнага надлому, які перапыняе працэс росту, спараджае працэс распаду. Грамадства, што распадаецца, не ў стане даць адказ на кінуты яму выклік, а пакуль выклік застаецца без адказу, ён няўмольна нагадвае пра сябе грамадству».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: