Сяргей Навумчык: «Тое, што лідэраў 2020 нельга было падпускаць да палітыкі на гарматны стрэл – па-мойму, сёньня відавочна ўсім»

Палітычны аналітык, дэпутат ВС 12-га скліканьня Сяргей Навумчык спрабуе адказаць на пытаньне, што «лепш» — «мяккая беларусізацыя» пад Лукашэнкам альбо турма за Сьцяг? 

Мітынг у падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай, ліпень 2020. Фота: Павал Хадзінскі

Мітынг у падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай, ліпень 2020. Фота: Павал Хадзінскі

Сяргей Навумчык: «Усё часьцей чую, што 2020 быў трагічнай памылкай, што хай бы “выбары” прайшлі так, як у 2015, і працягвалася “макееўская” “мяккая беларусізацыя” ды “лібералізацыя”. 

Бо галерэя “Ў”, Арт-сядзіба, праца рэдакцыі НН і Тут.баю,  бюро “Свабоды” і Белсату ў Менску, практычна штодзённыя  нацыянальныя імпрэзы, выданьні твораў беларускіх літаратараў і кніг пра сапраўдную беларускую гісторыю, іх прэзэнтацыі ў перапоўненых залях, шматтысячныя канцэрты пад Сьцягам – і ўсё гэта пад Лукашэнкам, — лепей, чым турма за Сьцяг, ператрусы, бязьмежны тэрор  ды вымушаная эміграцыя з пэрспэктывай дзесяцігодзьдзяў, для многіх  ужо без усялякай надзеі ўбачыць сваіх бацькоў – пад тым жа самым Лукашэнкам. 

І што ізноў меў рацыю Пазьняк, калі ў самым пачатку 2020 заклікаў да байкоту “выбараў” (немагчымых пры Лукашэнку ні ў якой форме), да няўдзелу ў іх, калі ўгаворваў  ігнараваць гэты “выбарчы працэс”,  не выдумляць розныя “праймарыз” ды “кандыдатаў пратэсту”, якія так ці інакш уцягваюць людзей у “выбарчы” працэс, увогуле не дакранацца да гэтай кампаніі. 

І кажуць мне гэта вельмі вядомыя людзі, якія сваю адданасьць Беларусі даказалі справамі і, фактычна, усім сваім жыцьцём – але баяцца сказаць гэта публічна, бо – заклююць. 

Супраць можна вылучыць хіба толькі адзін важкі аргумэнт: народ мае права на паўстаньне.  

Але калі лідэры няздольныя арганізаваць паўстаньне – дык, магчыма, ня трэба і пачынаць? У 2020, як памятаем, ні пра якое паўстаньне ад лідэраў не было і гаворкі – ні ў пачатку “выбарчай кампаніі”, ні ў фінале (памочнік Калесьнікавай у інтэрвію НН прызнаўся, што ўвечары пасьля галасаваньня ў штабе былі шакаваныя і разгубленыя, убачыўшы на вуліцах дзясяткі тысяч людзяй).  

Тое, што лідэраў 2020 (усіх без выключэньня) нельга было падпускаць да палітыкі на гарматны стрэл – па-мойму, сёньня відавочна ўсім (проста ня ўсе могуць пра гэта сказаць).

Асабіста я зьяўляюся прыхільнікам эвалюцыйных пераменаў у выпадку, калі адсутнічаюць умовы для рэвалюцыі. Мой рэвалюцыйнвы запал застаўся ў 1991 – тады БНФ сапраўды ўдалося зьдзейсьніць Нацыянальную рэвалюцыю, малымі сіламі дасягнуўшы Незалежнасьці. 

(Тут у дужках адзначу, што да той рэвалюцыі мы былі добра падрыхаваныя. БНФ меў прадстаўніцтва практычна ва ўсіх страйкамах (у большасьці выпадкаў ён сам іх і стварыў) на ўсіх буйных прадпрыемствах, своеасаблівая “рэпэтыцыя” рэвалюцыі адбылася ў красавіку 1991, калі на плошчу выйшла 100 тысяч рабочых. За год (зь лета 1990 да жніўня 1991) Апазыцыя БНФ падрыхтавала пакет заканадаўчых актаў пад абвяшчэньне Незалежнасьці плюс эканамічную праграму, якая прайшла міжнародную экспэртызу).

Глядзіце таксама

Пасьля 1991 мы не адмаўляліся ад палітычнай барацьбы і пасьля 1991 — была спроба дамагчыся датэрміновых парлямэнцкіх выбараў у 1992, задушаная Шушкевічам і пракамуністычным Вярхоўным Саветам. Але на Плошчу пасьля забароны выбараў удалося вывесьці толькі 5 тысяч чалавек – зрабілася зразумелым, што палітычны імпэт людзей сышоў, яны юбылі заклапочаныя іншымі праблемамі. 

І далей мусіла адбывацца “праца штодзённая, шэрая” – і яна ішла: дэпутаты Апазыцыі БНФ падрвыхтавалі дзясяткі законапраектаў па умацаваньні дзяржаўнасьці, стварэньню ўмоваў для функцыяваньня рынкавай эканомікі, гарантаваньня правоў чалавека, свабоды прэсы і г.д.  Ня ўсе іх удавалася правесьці праз Вярхоўны Савет цалкам, але шмат якія палажэньні – удавалася. Інтэнсыўна працавалі Камісія па адукацыі і культуры ВС на чале з Нілам Гілевічам, актывісты ТБМ (Таварыства беларускай мовы) і ТБШ (Таварыства беларускай школы), і 1 верасьня 1993 80% школьнікаў пайшлі ў беларускамоўныя клясы. 

Мы рыхтаваліся да парламэнцкіх выбараў, якія рана ці позна былі б прызначаныя, і на якіх нацыянальна-дэмакратычныя сілы ўзялі б калі і не 50%, дык значна павялічылі б сваё прадстаўніцтва ў заканадаўчым органе. Яшчэ 5-7 гадоў парлямэнцкай дэмакратыі (так, недасканалай, але дэмакратыі) – і выбарчага ўзросту дасягнула б новае пакаленьне, выхаванае ўжо ў незалежнай Беларусі, якое дэмакратыі і свабодзе аддало б перавагу перад “чаркай - шкваркай” і “назад у СССР”.

Але Ганчару, Булахаву (ад якіх я ніколі ня чуў ніводнага беларускага слова)  ды некаторым іншым дэпутатам захацелася імгненнай  ўлады, і яны дамагліся прэзыдэнцтва (раней Кебічу да ўвядзеньня пасады прэзыдэнта не хапала галасоў). І -- прапіхнулі Лукашэнку (цалкам у інтарэсах Расеі). Некаторыя палітолагі называюць 1994 “народнай рэвалюцыяй” – не, шаноўныя, рэвалюцыя была ў 1991-м, у 1994-м была праімпэрская контррэвалюцыя. У якой народ скарысталі. 

І калі я зьвяртаю погляд у 2020 год, бачу, што ў самым яго пачатку лідэры і кандыдаты ні слова не казалі ні пра Незалежнасьць, ні пра нацыянальнае Адраджэньне, але заяўлялі, што пры іх інтэграцыя з Расеяй пойдзе больш энэргічна, і што яны выканаюць усе дамоўленасьці паміж Масквой і Менскам (тое ж самае паўтарыла Калесьнікава і падчас “выбараў”). 

І тое, што мільёны праігнаравалі гэтыя словы і пайшлі за імі (“абы не Лукашэнка!”) — проста адзін да аднаго паўтарае сытуацыю 1994 (“Абы ня Кебіч!”).

Толькі з куды больш страшным вынікам.    

Урокі з усяго гэтага зрабіць неабходна, інакш і наступныя пакаленьні беларусаў у лепшым выпадку будуць ісьці па зачараваным коле, а ў горшым – па шляху ў бездань».